Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Беларусь і Украіна змогуць дамовіцца па праблемных пытаннях у двухбаковым гандлі



Пра гэта ён заявіў 5 красавіка на нарадзе па пытаннях знешняй палітыкі.

"Не скажу, што ў нас ужо вялікія праблемы з нашай паўднёвай суседкай — Украінай. Я грунтоўна абмеркаваў некаторыя пытанні на апошняй сустрэчы ў Маскве з прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам. У нас былі пэўныя праблемы, і яны, напэўна, яшчэ не да канца знятыя па пастаўках нашай малочнай прадукцыі", — цытуе Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Разам з тым, адзначыў беларускі кіраўнік, "у адрозненне ад заходняга кірунку, калі ёсць праблемы, мы садзімся за стол і абмяркоўваем іх". "Мы спрабуем іх вырашыць, дамаўляемся ўрэшце, ідзе нармальны дыялог", — дадаў ён.

Украіна 1 сакавіка часова спыніла ўвоз на сваю тэрыторыю з Беларусі жывёл, а таксама мясной прадукцыі з-за апасення распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней. Таксама з-за сістэматычных парушэнняў, паводле заявы ўкраінскага боку, ветэрынарна-санітарных патрабаванняў (перавышэнне максімальна дапушчальных узроўняў рэшткаў ветэрынарных прэпаратаў у малочных прадуктах) быў часова спынены ўвоз беларускага малака і малочных прадуктаў. Украінскі бок заяўляе, што абмежаванні звязаныя не з якасцю прадукцыі, а з яе бяспекай.

Як паведамлялася, рашэнне аб магчымым зняцці абмежаванняў на пастаўку беларускай мяса-малочнай прадукцыі ва Украіну будзе прынятае пасля 9 красавіка.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 5 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/204/13293
Текущая дата: 16.11.2024