Белорусский портал в Казахстане

Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) падрыхтуе прапановы па супрацьдзеянні эканамічнаму націску на дзяржавы



Пра гэта паведаміў 19 сакавіка ў Маскве журналістам віцэ-прэм`ер урада Беларусі Сяргей Румас.

"Савет даручыў падрыхтаваць гэтыя мерапрыемствы, і калегія ЕЭК зоймецца канкрэтнымі захадамі па супрацьдзеянні гэтаму эканамічнаму націску", — сказаў Румас у вячэрняй праграме навін тэлеканала "Беларусь 1".

Паводле яго слоў, на пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў падзяку сваім калегам за адпаведныя сумесныя заявы, зробленыя як на ўзроўні прэзідэнтаў, так і кіраўнікоў урадаў.

Акрамя кіраўнікоў дзяржаў — членаў ЕўрАзЭС (Расія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан) на саміт прыбылі лідары дзяржаў — назіральнікаў пры Супольнасці (Арменія, Малдова, Украіна).

Прэзідэнты абмеркавалі далейшае ўзаемадзеянне дзяржаў інтэграцыйнага аб`яднання ва ўмовах стварэння і развіцця Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана. Асноўнай тэмай парадку дня стала абмеркаванне праекта дагавора аб пераўтварэнні ЕўрАзЭС і фарміраванні на яго аснове новага інтэграцыйнага аб`яднання. Рашэнне пра гэта было прынята на папярэднім саміце ЕўрАзЭС 19 снежня 2011 года.

Разам з тым, як паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы, дыскусія падчас пасяджэння Міждяржсавета ЕўрАзЭС паказала, што пытанне мае патрэбу ў дапрацоўцы.

Беларускі бок, паводле слоў члена дэлегацыі віцэ-прэм`ера Сяргея Румаса, быў гатовы падпісаць дагавор, але ён не быў падтрыманы іншымі ўдзельнікамі Супольнасці. Кіраўнікі дзяржаў даручылі ўрадам сумесна з калегіяй ЕЭК прадоўжыць кансультацыі і на працягу двух месяцаў падрыхтаваць новыя прапановы. Па выніках пасяджэння падпісана рашэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета "Аб ходзе працы над праектам дагавора па пераўтварэнні Еўразійскай эканамічнай супольнасці".

Прэзідэнты таксама разгледзелі пытанні пачатку працы Еўразійскай эканамічнай камісіі, уніфікацыі пашпартна-візавага кантролю ў дзяржавах — членах Мытнага саюза. Па выніках абмеркавання падпісаны адпаведныя дакументы: рашэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета "Аб пачатку працы Еўразійскай эканамічнай камісіі" і "Аб ходзе працы над выкананнем рашэння № 70 кіраўнікоў дзяржаў ад 9 снежня 2010 года "Аб уніфікацыі пашпартна-візавага кантролю ў дзяржавах — членах Мытнага саюза".

Рабочы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Расійскую Федэрацыю працягнецца 20 сакавіка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 19 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/205/12900
Текущая дата: 16.11.2024