Белорусский портал в Казахстане

Нягледзячы на знікненні ў Расіі беларускіх гастарбайтэраў, ахвотных падзарабіць менш не становіцца



На Магілёўшчыне выпадкі са знікненнем у Расіі гастарбайтэраў нярэдкія. І ўсё ж ахвотных падзарабіць там менш не становіцца.

У адной з вёсак Быхаўскага раёну мясцовая жыхарка шукае сына, які паехаў на заробкі ў Ленінградскую вобласць разам з аднавяскоўцам і знік. Ён абвешчаны ў вышук.

Расказвае яго маці: "У кастрычніку тэлефанаваў. У мяне, казаў, усё добра. Ну, добра дык добра. Зноў у кастрычніку патэлефанаваў: "Мама, вышлі мне пасылку. Вышлі мне адзенне. І пакладзі сала шматок". А я яму кажу: "Ты ж паехаў на заробкі". У іх забралі дакументы. Страціла я дваіх сыноў. Аднаго ж таксама ў Маскве забілі. Ужо будзе дзесяць гадоў. Таксама на заробкі паехаў. Ну, па ім хоць патэлефанавалі, дык мы забралі. Дома пахавалі. Во, засталася цяпер адна, як дурань. Колькі мы ўжо на расійскую тэлевізійную перадачу "Жди меня" пасылалі... Нічога няма".

Паводле слоў жанчыны, прыяцеля, з якім сын паехаў у Ленінградскую вобласць на заробкі, прывезлі ў труне.

На сайце ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама ў спісе тых, хто цяпер у вышуку, значацца пяцёра гастарбайтэраў. У супрацоўніка ўстановы запытаўся, ці часта знаходзяцца зніклыя. "Розныя сітуацыі бываюць. Нехта, можа, і знаходзіцца. Нехта "запіў", скажам так груба, і не выходзіць на сувязь са сваякамі. А нехта можа апынуцца ў крымінальным знікненні. Нехта, можа, ад жонкі хаваецца…", — адказаў той.

Тыя, што пабывалі на заробках у Расіі, маюць свае думкі наконт знікнення беларускіх гастарбайтэраў. Адзін з іх — спадар Аляксандр: "Калі нехта, напрыклад, загінуў на будоўлі, то там ператрасуць усіх, таму, калі ёсць магчымасць, лягчэй гэта схаваць, чым выносіць бруд з хаты. Многія там прымаюць грамадзянства і застаюцца ў Расіі любымі спосабамі, любую паперку ў метро ў Маскве можна купіць".

Здараюцца выпадкі, калі расійскі наймальнік беларусаў ашуквае — адмаўляецца плаціць заробленае, кажа жыхар райцэнтра Клімавічы Аляксандр. "Грошы не аддаюць, а яны патрабуюць. І каб яны не гаварылі занадта шмат, іх прыбіраюць. Калі я ехаў, маці казала: "Заб`юць цябе". А што рабіць? Заробкі ў нас маленькія. Муляру прапаноўваюць у Клімавічах адзін мільён, а там трыццаць тысяч "расійскіх" і болей за месяц", — сказаў мужчына.

БелаПАН, 22 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/208/12426
Текущая дата: 16.11.2024