Белорусский портал в Казахстане

Беларусь атрымала 440 млн. долараў у межах другога траншу крэдыту ад ЕўрАзЭС



Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) 30 снежня пералічыў Беларусі другі транш крэдыту са сродкаў Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у аб`ёме 440 мільёнаў долараў.

Гэта адбылося пасля выканання беларускім бокам "адладжаных умоў" і ў адпаведнасці з рашэннем савета Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, зазначаецца ў паведамленні банка.

У канцы лістапада савет фонду ўхваліў выдачу другога траншу фінансавага крэдыту пры выкананні наступных дзвюх умоў: падпісанне ўказа прэзідэнта Беларусі аб перадачы няпрофільных актываў Нацбанка краіны і павелічэнні ў снежні 2011 года Нацбанкам ставак па інструментах давання ліквіднасці на міжбанкаўскім рынку на 5%.

Выступаючы 30 лістапада ў парламенце, віцэ-прэм`ер Сяргей Румас паведаміў: праблема дзейных у краіне працэнтных ставак была адной з асноўных пры разглядзе пытання аб выдзяленні Беларусі другога траншу крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС (440 млн. долараў чакаецца да канца снежня. — БелаПАН.)  "Нашы партнёры задаюць нам цалкам лагічнае пытанне: як пры інфляцыі 100% стаўкі знаходзяцца на ўзроўні 60—65%? Гэта адмоўная працэнтная стаўка", — растлумачыў ён.

Указ "Аб аптымізацыі структуры актываў Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь" быў падпісаны 23 снежня. З 12 снежня стаўка рэфінансавання была павышана з 40% да 45% гадавых, а працэнтная стаўка па аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў — з 65% да 70% гадавых, зазначае ЕАБР.

Раней Беларусь узгадніла з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС праграму эканамічных рэформ у абмен на крэдыт у 3 млрд. долараў, які будзе выдзелены некалькімі траншамі на працягу 2011—2013 гадоў. Першы транш у памеры 800 мільёнаў долараў Беларусь атрымала 21 чэрвеня.

Наступныя чатыры траншы, у памеры 440 мільёнаў долараў кожны, будуць пералічвацца Беларусі на працягу 2012—2013 гадоў па меры выканання распрацаванай урадам праграмы макраэканамічнай і фіскальнай стабілізацыі. Праграма ўключае меры па зніжэнні дэфіцыту наяўных аперацый за кошт больш жорсткай грашова-крэдытнай і бюджэтнай палітыкі, скарачэнні эмісійнага крэдытавання эканомікі і папаўненні міжнародных рэзерваў да эканамічна бяспечнага ўзроўню.

Крэдыт выдзелены тэрмінам на дзесяць гадоў і ўключае трохгадовы льготны перыяд, на працягу якога ажыццяўляецца толькі аплата працэнтаў па крэдыце. Пагашэнне асноўнай сумы крэдыту пачнецца ў другой палове 2014 года.

Як паведамляе РІА Новости, 30 снежня Мінфін Беларусі таксама пералічыў ЕАБР другі плацеж працэнтных сум, што належаць па гэтым крэдыце. Працэнтная стаўка па крэдыце вылічваецца як кошт фандзіравання РФ на міжнародных рынках у сярэднім за апошнія тры месяцы, якія папярэднічаюць даце выплаты працэнтаў (але не больш за 4,9% гадавых). Працэнты выплачваюцца штоквартальна.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 30 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/213/11457
Текущая дата: 16.11.2024