Белорусский портал в Казахстане

За першы месяц працы дадатковай сесіі на БВФБ розніца паміж курсамі долара вырасла з 3.245 да 3.285 рублёў



Розніца паміж курсамі долара на Беларускай валютна-фондавай біржы вырасла за першы месяц працы дадатковай гандлёвай сесіі з 3.245 да 3.285 рублёў.

Першая дадатковая сесія адбылася 14 верасня, тады курс долара быў зафіксаваны на адзнацы 8.600 рублёў. На асноўнай сесіі ў гэты дзень каціроўка амерыканскай валюты склала 5.355 рублёў. У адносным выражэнні розніца паміж курсамі была роўная 60,6%.

14 кастрычніка курс долара на дадатковай сесіі склаў 9.010 рублёў, на асноўнай — 5.725 рублёў; розніца — 57,4%.

Мінімальная разбежка паміж курсамі была зафіксавана 5 кастрычніка — 1.860 рублёў, ці 32,3%. Тады на асноўнай сесіі долар каштаваў 5.750 рублёў, на дадатковай — 7.610.

Пасля гэтага долар на дадатковай сесіі падаражэў на 1.400 рублёў, ці 18,4%. На асноўнай сесіі Нацбанк давёў курс да 5.765 рублёў (11 і 12 кастрычніка), а затым пачаў яго зніжэнне, паколькі курс валютнага кошыка (долар, еўра, расійскі рубель) дайшоў да верхняй мяжы ваганняў (12% да новага значэння, устаноўленага 24 мая), а на замежных рынках долар аслабеў да еўра і расійскага рубля. Каб змяніць межы калідора або адмяніць яго, неабходна ўносіць змяненні ў нарматыўныя акты. Пакуль гэта не зроблена.

На прэс-канферэнцыі 21 верасня віцэ-прэм`ер Сяргей Румас заявіў, што ўрад і Нацбанк разлічваюць устараніць множнасць курсаў беларускага рубля ў кастрычніку. "Тэхнічна самы лепшы час для выхаду на адзіны курс — дваццатыя чыслы месяца ў сілу шэрагу фактараў, — адзначыў Румас. — Калі ўсё пойдзе па плане, то ў кастрычніку мы зможам пакончыць з множнасцю курсаў".

3 кастрычніка кіраўнік Нацыянальнага банка Надзея Ермакова заявіла ў Савеце Рэспублікі, што ўстанаўленне новага афіцыйнага курсу рубля магчыма праз месяц-паўтара. "Мэта Нацыянальнага банка — збліжэнне курсаў на асноўнай і дадатковай сесіі ў сэнсе выраўноўвання попыту і прапановы на ўнутраным валютным рынку ўрадам і Нацбанкам. Будзе прынята рашэнне аб устанаўленні новага афіцыйнага курсу і спыненні працы дадатковай сесіі на біржы. Мяркуецца, што яшчэ неабходна месяц-паўтара для таго, каб убачыць, дзе той раўнаважны курс, хаця хацелася б, каб гэта было як мага раней. Напэўна, трэба пратрымацца яшчэ два тыдні, каб убачыць, што ён (курс) сапраўды раўнаважны", — сказала Ермакова. Паводле яе слоў, у кастрычніку Нацбанку прыйдзецца праводзіць валютныя інтэрвенцыі, каб не дапусціць рэзкага росту курсу долара.

На прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных СМІ 7 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Добра, што трымаем высокі курс валюты. Няхай купляюць не па 5 тысяч рублёў за долар, а па 8—9 тысяч". У той дзень курс долара на дадатковай сесіі складаў 7.920 рублёў.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 14 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/224/9831
Текущая дата: 15.11.2024