Белорусский портал в Казахстане

За першыя два тыдні кастрычніка сярэдні курс наяўнага долара вырас на 20,4%



За першыя два тыдні кастрычніка сярэдні курс наяўнага долара ЗША ў беларускіх камерцыйных банках вырас на 20,4% (з 7.604 да 9.155 рублёў), сведчыць пастаянны маніторынг каціровак.

Пры гэтым курс куплі долара павысіўся на 18,7% (з 7.484 да 8.882 рублёў), продажу — на 22,1% (з 7.724 да 9.428).

З 1 па 7 кастрычніка сярэдні курс павялічыўся на 5,1% (купля — на 4,8%, продаж — на 5,3%), з 8 па 14 кастрычніка — на 14,6% (купля — на 13,2%, продаж — на 15,9%).

14 кастрычніка, пасля спынення росту курсу долара на дадатковай гандлёвай сесіі БВФБ (зафіксаваны на папярэдняй адзнацы 9.010 рублёў), сярэдні курс наяўнага долара знізіўся на 1% (з 9.244,5 да 9.155), курс куплі — на 1,1% (з 8.977 да 8.882), продажу — на 0,9% (з 9.512 да 9.428).

Максімальны курс куплі вырас за два тыдні з 7.600 да 9.100 рублёў, мінімальны — з 6.900 да 8.600; мінімальны курс продажу — з 7.640 да 9.150, максімальны — з 8.150 да 10.300.

Розніца паміж сярэднімі курсамі куплі і продажу павялічылася з 240 рублёў (3,2%) да 546 (6,1%). З 11 кастрычніка маржа расце штодзень. За чатыры дні яна павялічылася ў 2 разы (з 277 рублёў).

Курс долара на дадатковай сесіі павысіўся за два тыдні месяца на 18,1% (з 7.630 да 9.010 рублёў). З 1 па 7 кастрычніка рост склаў 3,8% (да 7.920), з 8 па 15 кастрычніка — 13,8%. На асноўнай сесіі БВФБ долар падаражэў на 1,5% (з 5.640 да 5.725). У першы тыдзень быў зафіксаваны рост на 2,1% (да 5.758), у другі — зніжэнне на 0,6%, што звязана з дасягненнем курсам валютнага кошыка (долар, еўра, расійскі рубель) верхняй мяжы калідора (12%). Нацбанк панізіў долар у сувязі з умацаваннем еўра і расійскага рубля да гэтай валюты на замежных пляцоўках. Рашэнне аб адмене калідора або яго пашырэнні афіцыйна не прынята.

Крос-курсы долара ў папулярным у беларускіх турыстаў абменным пункце банка "Цытадэль" на чыгуначным вакзале Вільнюса выраслі з пачатку кастрычніка з 7.190—7.690 да 7.820—9.480 рублёў.

Самы дарагі долар за беларскія рублі ў банках Латвіі. 14 кастрычніка банк "Норвік" прапаноўваў амерыканскую валюту па крос-курсе 16.613 рублёў, "СЕБ-банк" — па 19.185 рублёў. Пры гэтым днём раней, калі долар у Беларусі працягваў хутка расці, у "Норвіку" ён каштаваў 28.667 рублёў, у "СЕБ-банку" — 34.473 рублі.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 15 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/224/9871
Текущая дата: 15.11.2024