Белорусский портал в Казахстане

Сёння кіраўніцтва МВФ павінна разгледзець заяўку Беларусі на крэдыт



Савет дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) плануе сёння разгледзець заяўку Беларусі на выдзяленне стабілізацыйнага крэдыту ў памеры ад 3,5 да 8 мільярдаў долараў ЗША. Заяўка была накіравана беларускім урадам у МВФ 31 мая.

На сённяшнім пасяджэнні кіраўніцтва МВФ таксама павінна абмеркаваць справаздачу, падрыхтаваную місіяй фонду, якая працавала ў Мінску ў першай палове чэрвеня.

Савет дырэктараў, у прыватнасці, дасць ацэнку эканамічнай палітыцы беларускага ўрада пасля праграмы стэнд-бай, якая завяршылася ў красавіку 2010 года.

Нагадаем, у рамках стабілізацыйнай праграмы стэнд-бай Беларусь у 2009—2010 гадах атрымала ад МВФ пяць траншаў крэдыту на агульную суму 3,46 млрд. долараў.

Каб разлічваць на атрыманне новага крэдыту, Беларусь павінна прадставіць МВФ дакладную антыкрызісную праграму. Як заявіла 4 жніўня пастаянны прадстаўнік фонду ў Мінску Наталля Калядзіна, ураду неабходна прадставіць як пакет мер у галіне макраэканамічнай палітыкі, так і пакет структурных пераўтварэнняў.

Асноўнай праблемай беларускай эканомікі цяпер з`яўляецца множнасць курсу беларускага рубля. Чакалася, што прынцыповае рашэнне наконт гэтага ўлады прымуць на нарадзе ў прэзідэнта 25 жніўня, аднак Аляксандр Лукашэнка толькі чарговы раз паабяцаў, што сітуацыя на валютным рынку будзе стабілізаваная праз паўтара-два месяцы.

Разам з тым да 1 верасня ўрад павінен канчаткова вызначыць эканамічны курс развіцця краіны. "Далей цягнуць нельга. Да аўторка-серады (30—31 жніўня. — БелаПАН.) усё будзе зведзена ў адзіны дакумент і вынесена на ўзровень прэзідэнта, і я асабіста абвяшчу людзям, як будзе дзейнічаць урад і Нацбанк у гэтай сітуацыі", — паабяцаў Лукашэнка.

"Паўтара-два месяцы ў нас на стабілізацыю сітуацыі на валютным рынку. Поўнасцю. Катастрофы няма, сітуацыя кантралюемая, але патрабуе прыняцця пэўных рашэнняў", — падкрэсліў Лукашэнка.

БелаПАН
Мінск, 29 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/232/8872
Текущая дата: 15.11.2024