АЭС правяла планава-папераджальны рамонт – такая тэхналагічная працэдура неабходна для забеспячэння стабільнага працоўнага стану абсталявання.
На Беларускай атамнай электрастанцыі завяршыўся планава-папераджальны рамонт першага энергаблока, заявілі ў прэс-службе Мінэнерга.
Планавыя працы ўключалі ў сябе рамонт асноўнага абсталявання рэактарнай усталёўкі, галоўных цыркуляцыйных помпаў і турбагенератара.
Акрамя таго, упершыню на станцыі правялі перагрузку адпрацаванага ядзернага паліва – заменены 48 са 163 цеплавыдзяляльных зборак з палівам. Таксама спецыялісты правялі дыягностыку каля 3 тысяч тэхналагічных сістэм і адзінак абсталявання.
Цяпер на першым блоку праводзяцца рэгламентныя перадпускавыя аперацыі, з часам рэактар набярэ патрэбную магутнасць і будзе ўключаны ў агульную сетку.
У Мінэнерга зазначаюць, што планава-папераджальны рамонт на атамных станцыях праводзіцца кожны год, ён патрэбны для таго, каб на АЭС стабільна працавала абсталяванне.
АЭС стала на рамонт
Аб планавым рамонце Беларускай атамнай станцыі ў міністэрстве заяўлялі яшчэ ў канцы красавіка гэтага года. У ведамстве анансавалі, што спецыялісты правераць стан металу, правядуць дыягностыку зварных злучэнняў рэактарнага абсталявання рэактара і трубаправодаў розных сістэм, а таксама перазагрузяць свежае ядзернае паліва.
Атамная электрастанцыя ў Астраўцы будуецца па расійскім праекце "ВВЭР-1200", які адпавядае ўсім нормам бяспекі МАГАТЭ.
Фізічны пуск першага энергаблока адбыўся ў жніўні 2020-га, у агульную энергасістэму краіны яго ўключылі ў лістападзе таго ж года.
Цяпер БелАЭС выпрацоўвае 22 працэнты ад агульнага аб`ёму электраэнергіі ў рэспубліцы, а з уводам другога энергаблока яе доля ў энергабалансе краіны складзе 40 працэнтаў. Як паведамлялася раней, другі блок знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці. Пасля яго запуску АЭС будзе выпрацоўваць за год каля 18 мільярдаў кВт/г.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/24/66160
Текущая дата: 23.12.2024