Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае беспадстаўнасць крытыкі ў яго адрас наконт «мабілізацыйнай эканомікі» ў перыяд уборачнай кампаніі



Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў, адказваючы на пытанні журналістаў.

Адказваючы на пытанне аб тым, як плануецца ў бягучым годзе заахвоціць герояў жніва, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Мы гэта робім заўсёды. У гэтым годзе зробім асабліва».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што найбольш з боку збеглых чуваць было крытыку, што, маўляў, Лукашэнка вярнуўся да мабілізацыйнай эканомікі, праводзіць селектар па ўборачнай. «Вынік ёсць?» — задаў слушнае пытанне беларускі лідар.

«Усё ў нас будзе ў гэтым годзе», — падкрэсліў Прэзідэнт. Так, у краіне чакаецца ўраджай збожжавых з улікам кукурузы на ўзроўні каля 11 млн т. Аднак Аляксандр Лукашэнка ўжо нават арыентуе аграрыяў і кіраўніцтва рэгіёнаў не гнацца менавіта за гэтай лічбай: «Пачынае падсыхаць кукуруза на засушлівых пясчаных месцах. Я іх падштурхоўваю ўжо да таго, што трэба яе ўбіраць. І не трэба бегчы за 11 млн т збожжа».

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ў краіне пры жаданні могуць атрымаць і 12 млн т, калі ўсю кукурузу ўбраць на зерне. Але цяпер, магчыма, больш рацыянальна частку кукурузы нарыхтаваць на сілас, каб забяспечыць на запас дастаткова кармоў пад мэты развіцця жывёлагадоўлі. «З кукурузы трэба нарыхтаваць столькі зерня, колькі трэба. Астатняе — сілас», — сказаў ён.

Добры вынік будзе і па іншых культурах. Напрыклад, цукровыя буракі. «Цукру будзе дастаткова. Праблем у гэтым плане не будзе», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

«Добрае будзе збожжа. Асабліва пры гэтым надвор’і. Усё будзе сваё. А як мы са старэйшым братам дамовіліся (з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.), я паўмільёна (збожжа.) зарэзерваваць прасіў. Можа, нам не патрэбна, але на ўсялякі выпадак. Трэба ж, каб было больш жывёлы, а яе трэба карміць», — адзначыў Прэзідэнт.

Звязда, 26 жніўня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/24/66276
Текущая дата: 23.12.2024