Белорусский портал в Казахстане

Расійскія пастаўшчыкі захавалі дзейны ўзровень цэн на рухавікі, якія пастаўляюць МАЗу



Расійскае ТАА "Сілавыя агрэгаты — Група ГАЗ" захавала дзейны ўзровень цэн на рухавікі Яраслаўскага маторнага завода (ААТ "Аўтадызель"), якія серыйна пастаўляе Мінскаму аўтамабільнаму заводу. Такая дамоўленасць дасягнута падчас перамоў, што прайшлі у беларускай сталіцы ў пачатку чэрвеня, паведаміла прэс-сакратар ААТ "МАЗ" Юлія Каташ.

Яна зазначыла, што "гэтае рашэнне ў цяжкі для Беларусі час будзе садзейнічаць павелічэнню аб`ёму спажывання рухавікоў ЯМЗ, захаванню ўзроўню рэнтабельнасці і продажу аўтатэхнікі ААТ "МАЗ".

Паводле слоў прэс-сакратара, на працягу многіх гадоў ААТ "Аўтадызель" з`яўляецца пастаянным і надзейным партнёрам МАЗа. Гэта вядучае прадпрыемства расійскага рухавікабудавання, якое спецыялізуецца на вытворчасці дызельных рухавікоў шматмэтавага прызначэння і стацыянарных агрэгатаў на іх базе. ААТ "Аўтадызель" уваходзіць у групу кампаній ГАЗ.

На перамовах у Мінску былі абмеркаваны актуальныя пытанні цэнавай палітыкі на V-падобныя рухавікі ЯМЗ узроўню Еўра-2, Еўра-3, радныя рухавікі "ЯМЗ-650", якія пастаўляюцца серыйна.

"У мэтах рэалізацыі новага праекта па асваенні і прасоўванні на рынкі збыту нашага агульнага прадукту з рухавікамі ўзроўню Еўра-4 на перамовах была адзначана неабходнасць увядзення ў эксплуатацыю ў прызначаныя тэрміны, у верасні 2011 года, новага завода ў Яраслаўлі па вытворчасці рухавікоў узроўню Еўра-4 мадэляў "ЯМЗ-530", паскарэння ўзгаднення канструктарска-тэхнічнай дакументацыі, тэрмінаў пастаўкі доследна-прамысловых партый "ЯМЗ-650", "ЯМЗ-651", — паведаміла Каташ.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 10 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/247/7079
Текущая дата: 27.11.2024