Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка вітае прыход у Беларусь буйных кітайскіх кампаній сферы высокіх тэхналогій



Аляксандр Лукашэнка вітае прыход у Беларусь буйных кітайскіх кампаній, якія працуюць у сферы высокіх тэхналогій. Пра гэта ён заявіў 7 чэрвеня на сустрэчы ў Мінску з кіраўніцтвам Кітайскай прамысловай карпарацыі "Вялікая сцяна".

"Мы добра ведаем пра дзейнасць вашай кампаніі, пра тыя грандыёзныя праекты, якія вы рэалізуеце з 1980 года, і мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве з вашай кампаніяй", — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.

Ён зазначыў, што ў бакоў ёсць "шматмільённыя праекты ў сферы высокіх тэхналогій, па якіх дамовіліся супрацоўнічаць".

"Тым не менш мы гатовы разгледзець любыя вашы прапановы па вашай дзейнасці ў Беларусі і гатовы таксама прапанаваць вам шэраг праектаў, якія мы маглі б ажыццявіць разам, выгадных для абодвух бакоў", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу прэзідэнт Кітайскай прамысловай карпарацыі "Вялікая сцяна" Інь Лімін паведаміў, што мэтай прыезду кітайскай дэлегацыі з`яўляецца рэалізацыя праекта стварэння спадарожнікавай сувязі для Беларусі, а таксама іншых праектаў у сферы высокіх тэхналогій.

"Вельмі спадзяемся пачаць супрацоўнічаць з Беларуссю ў сферы спадарожнікавай сувязі, спадарожнікавага дыстанцыйнага зандавання Зямлі, а таксама іншых сферах высокіх тэхналогій, каб прасоўваць наша двухбаковае ўзаемадзеянне", — сказаў кіраўнік карпарацыі.

Кітайская прамысловая карпарацыя "Вялікая сцяна" з`яўляецца найбуйнейшай дзяржаўнай кампаніяй КНР, якая ажыццяўляе камерцыйныя запускі і пастаўку спадарожнікаў, а таксама займаецца развіццём міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы касмічнай тэхнікі.

Разам з вытворчасцю касмічнай прадукцыі і аказаннем паслуг у сферы касмічных тэхналогій кампанія з`яўляецца пастаўшчыком новых крыніцаў энергіі і матэрыялаў, інфармацыйна-электроннай прадукцыі, нафтавага і нафтахімічнага абсталявання.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 7 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/248/6979
Текущая дата: 27.11.2024