Белорусский портал в Казахстане

Гэта яшчэ не канец. Расія адмаўляе Мінску ў міждзяржаўным крэдыце



Аб адмове Расіі надаць міждзяржаўны крэдыт паведаміў журналістам віцэ-прэм’ер, міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын, перадае РІА Новості. «Мы разглядаем толькі крэдыт ЕўрАзЭС», — паведаміў ён, каментуючы ход перамоваў Расіі і Беларусі па просьбе апошняй выдаць крэдыт на 3 мільярды даляраў.

Беларусь звярнулася да Расеі з просьбай прадставіць ёй крэдыт з фонду ЕўрАзЭС на 2 млрд даляраў. Акрамя таго, размова ішла аб тым, каб Расея дала міждзяржаўны крэдыт Беларусі яшчэ на 1 млрд даляраў. Кудрын паведаміў, што пытанне аб прадастаўленні Расеяй крэдыту Беларусі не разглядаецца, гаворка ідзе толькі аб крэдыце з фонду ЕўрАзЭС, прычым ён будзе меншым па памеры.

«Наша частка не разглядаецца», — сказаў А. Кудрын.

Кіраўнік Мінфіна РФ паведаміў, што да канца гэтага тыдня кіраванае ім міністэрства паспрабуе з беларускімі партнёрамі выпрацаваць асноўныя падыходы да ўмоў прадастаўлення крэдыту ЕўрАзЭС. Пры гэтым ён не выключыў, што пэўныя рашэнні могуць быць агучаны ў ходзе паездкі прэм’ер-міністра РФ Уладзіміра Пуціна ў Менск на наступным тыдні.

«Ідзе канструктыўная праца, і мы бачым сур’ёзнае разуменне з боку Беларусі да тых пытаннях, якія ёсць», — пракаментаваў А. Кудрын ход перамоў.

Паводле яго слоў, удзельнікі перамоў разглядаюць пытанне аб тым, каб выдаць Беларусі з фонду ЕўрАзЭС 1 млрд даляраў у 2011 годзе, а пасля ў 2012 і 2013 гадах Беларусі можа быць прадастаўлена дапамога з фонду на тую ж суму штогод, паведамляе ПРАЙМ-ТАСС.

Аднак Кудрын прызнаў, што гэтых сродкаў для Беларусі можа быць недастаткова. «Мы лічым, што гэтых сродкаў можа быць недастаткова, таму неабходна будзе выходзіць і ў Міжнародны валютны фонд у выпадку станоўчага разгляду», — адзначыў ён.

«Мы лічым, што гэта мэтазгодна», — сказаў А. Кудрын. «У МВФ могуць быць дадатковыя нейкія ўмовы, але па буйных пазіцыях прапановы ў цэлым будуць падобнымі», — мяркуе ён.

Акрамя крэдытнай падтрымкі, лічыць кіраўнік расійскага Мінфіна, Беларусь павінна прыватызаваць шэраг аб’ектаў, якія могуць зацікавіць замежных інвестараў, і гэта дазволіла б атрымаць каля 2 мільярдаў даляраў ад прыватызацыі. Кудрын нагадаў, што два гады таму Беларусь паставіла задачу стаць самай інвестыцыйна прывабнай краінай, для чаго прапаноўвала прыватызаваць некаторыя дзяржаўныя прадпрыемствы. «Мы гэта толькі вітаем», — сказаў ён.

Сяргей Гезгала
Наша Ніва
11 траўня 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/252/6391
Текущая дата: 26.11.2024