Белорусский портал в Казахстане

Беларусь гатова ствараць СП у Туркменістане ў розных сферах



"Беларусь гатова ствараць у Туркменістане сумесныя прадпрыемствы. Мы можам прапанаваць для стварэння СП сучасную вытворчую базу, інжынірынг, туркменскі бок — свае рэсурсы", — заявіў 29 красавіка ў Ашгабадзе журналістам намеснік прэм`ер-міністра Анатоль Калінін, паведаміла прэс-служба беларускага ўрада.

"Мы ствараем тут добры плацдарм для прасоўвання нашых інтарэсаў у рэгіёне", — зазначыў віцэ-прэм`ер, які разам з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам наведвае з афіцыйным візітам Туркменістан.

"Пашырэнне беларуска-туркменскага супрацоўніцтва дазволіць Беларусі ў далейшым не толькі грунтоўна замацавацца на рынку Туркменістана, але прасунуць свае інтарэсы ў цэлым у рэгіёне, — мяркуе Калінін. — Мы бачым вялікую цікавасць туркменскага боку да пашырэння імпарту беларускай тэхнікі, да асваення беларускіх тэхналогій у будаўніцтве жылля, IT-тэхналогій".

Паводле яго слоў, сёння паспяхова рэалізуецца праект па будаўніцтве беларускімі спецыялістамі Гаргалыкскага горна-абагачальнага комплексу.

Віцэ-прэм`ер сказаў, што ў хуткім часе будзе разгледжана пытанне аб накіраванні ў Туркменістан прадстаўнікоў шэрагу беларускіх міністэрстваў, у першую чаргу Мінпрама, для пастаяннай працы.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 29 красавіка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/253/6193
Текущая дата: 26.11.2024