Белорусский портал в Казахстане

"Гэта вялікая перамога над сіламі Захаду". Эксперт пра беларускія плацяжы за расійскі газ



Такое меркаванне ў эфіры "Альфа Радыё" выказаў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Аляксей Аўдонін, паведамляе sb.by.

Каментуючы падрабязнасці дамоўленасцей па фармаванні кошту расійскага газу для Беларусі, Аляксей Аўдонін прааналізаваў эфект прынятага рашэння на беларускую эканоміку. Ён таксама згадаў заходнюю пазіцыю па пытаннях узаемадзеяння Беларусі і Расіі ў энергетычнай сферы.

"Трэба вярнуцца літаральна на два гады таму. Заходнія краіны тады публікавалі даволі шмат аналітычных артыкулаў, дзе адзначалі, што ні ў якім разе Захаду нельга дапусціць энергетычнага саюза паміж Беларуссю і Расіяй. Таму што, калі будуць прысутнічаць рознагалоссі паміж гэтымі дзвюма краінамі, іх лягчэй потым раздзяліць па палітычных, ідэалагічных матывах і зрабіць нешта накшталт Украіны", - нагадаў Аляксей Аўдонін.

Цяпер, на думку аналітыка, для Беларусі развіццё супрацоўніцтва з Расіяй у галіне энергетыкі, падпісанне адпаведных пагадненняў, пераход на дакладныя алгарытмы фармавання цаны на газ і разлікі ў расійскіх рублях сведчаць выключна аб перамозе над Захадам.

"Гэта вялікая перамога над сіламі Захаду. Яны хацелі нас раз`яднаць энергетычна, а цяпер не змогуць гэтага зрабіць. А значыць, не могуць падарваць нашу эканоміку", - падкрэсліў аналітык.

Эксперт таксама супаставіў плацяжы за газ еўрапейскіх краін, якія ўвялі санкцыі і спрабуюць дайсці да эмбарга на энерганосьбіты, і Беларусі.

"Такія цана і ўмовы, што ёсць у Беларусі, будуць садзейнічаць высокім тэмпам росту нашай эканомікі. Мы будзем паказваць больш высокі вынік, чым нават самыя буйныя краіны Еўропы. І гэта, безумоўна, не ўкладваецца ў тую карціну свету, якую Захад хацеў нам навязаць. Нам хацелі зрабіць беднасць, эканамічны спад і энергетычны калапс. Але гэтага не адбылося. Дзякуй кіраўніцтву нашай краіны, што празорліва ўбачыла тыя пагрозы, якія маглі нас чакаць у выпадку, калі б мы пайшлі на повадзе ў краін Захаду", - рэзюмаваў эксперт.

20 красавіка 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/27/64631
Текущая дата: 29.09.2024