Белорусский портал в Казахстане

Мінск пашырыў харчовае эмбарга яшчэ на дзве краіны



Таксама пастановай Саўміна з забароненага пераліку выключаны некаторыя прадукты і ўнесены шэраг удакладненняў.

Пад беларускае харчовае эмбарга патрапілі тавары з Сербіі і Ліхтэнштэйна.

Яны папоўнілі спісак, у якім значыліся краіны ЕС, ЗША, Канада, Нарвегія, Албанія, Ісландыя, Паўночная Македонія, Вялікабрытанія, Чарнагорыя і Швейцарыя.

Гэта прадугледжана пастановай Саўміна ад 27 студзеня 2022 года №51, дакумент з’явіўся на Нацыянальным прававым партале.

Пры гэтым пералік забароненых тавараў скарэктаваны: з яго выключаны соль, цукровыя сіропы і соладавы экстракт.

Таксама эмбарга зараз не закранае спецыялізаваную харчовую прадукцыю, звесткі аб якой уключаны ў адзіны рэестр пасведчанняў аб дзяржрэгістрацыі.

Адносна кандытарскіх вырабаў эмбарга з гэтага часу не распаўсюджваецца на тавары, неабходныя для вытворчасці дзіцячага, дашкольнага і школьнага харчавання (пры пацвярджэнні Мінсельгасхарчам мэтавага прызначэння ўвазнога тавару).

Таксама няма абмежаванняў для біялагічна актыўных дабавак да ежы, лекаў, у тым ліку гомеапатычных, вітамінаў, мінералаў, вітамінна-мінеральных комплексаў, медыцынскіх вырабаў.

Рашэнне набудзе моц праз 10 дзён.

Прадэмбарга Беларусь увяла з 1 студзеня ў адказ на санкцыі краін Захаду. Пакуль яно будзе дзейнічаць паўгода. У забароненым пераліку больш за 20 груп тавараў (мяса, каўбасы, субпрадукты, соль, кандытарскія вырабы, малако, арэхі, садавіна).

Мінск, 29 стдзеня 2022
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/31/63199
Текущая дата: 29.09.2024