Белорусский портал в Казахстане

Беларусь будзе і ў далейшым абараняць свае эканамічныя інтарэсы ва ўмовах санкцый Захаду



Аб гэтым заявіў прэм`ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў інтэрв`ю МТРК "Мір".

"У нас не было адчування разгубленасці або трывогі. Мы загадзя рыхтаваліся, прымалі меры ў адказ, праводзілі ўнутраныя пераўтварэнні. Мы бачылі даволі даўно, як эканамічнымі санкцыямі спрабуюць пакараць Расійскую Федэрацыю. Таму дапамога і досвед расійскіх калег нам таксама дапамаглі справіцца з гэтымі пытаннямі", - сказаў Раман Галоўчанка.

Беларусь з 1 студзеня ў адказ на санкцыі ўводзіць харчовае эмбарга на шэраг тавараў з дзяржаў, якія ажыццяўляюць недружалюбныя дзеянні ў адносінах да нашай краіны.

"Гэта не канчатковая мера, гэта адзін з элементаў адказу, які мы распрацавалі, ёсць і іншыя. Спадзяёмся, што разважлівасць пераможа і гэта санкцыйная канфрантацыя спыніцца. Калі яна не спыніцца, мы будзем далей абараняць свае эканамічныя інтарэсы", - падкрэсліў прэм`ер-міністр.

Раман Галоўчанка таксама звярнуў увагу на тое, што трэба дыферэнцыраваць інтарэсы заходніх палітыкаў і бізнесу.

"Беларускія партнёры заўсёды лічыліся ва ўсім свеце прадказальнымі, добрасумленнымі і адказнымі. Многія з бізнесменаў, прадпрымальнікаў зацікаўлены не толькі захоўваць, але і развіваць эканамічныя сувязі з нашымі прадпрыемствамі. Яны пастаянна падаюць нам аб гэтым сігналы на розных пляцоўках і, мякка кажучы, не вельмі добра выказваюцца ў адрас сваіх жа палітыкаў. Таму жаданне працаваць з намі, у тым ліку і ў еўрапейскага бізнесу, высокае", - адзначыў ён.

29 снежня 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/32/62572
Текущая дата: 29.09.2024