Белорусский портал в Казахстане

"Адзін з самых складаных перыядаў за дзесяцігоддзі" - Аляксандр Лукашэнка ацаніў эканамічныя вынікі года



Прэзідэнт Беларусі сабраў 7 снежня нараду па рабоце эканомікі ў бягучым годзе і праектах прагнозных дакументаў на 2021 год.

Урад і Нацыянальны банк унеслі на разгляд Прэзідэнту пакет прагнозных дакументаў. Каб атрымаць па іх усебаковыя меркаванні і зверыць прапанаваныя падыходы з кіраўнікамі мясцовых органаў улады, на нараду да кіраўніка дзяржавы запрошаны шырокі склад удзельнікаў, у тым ліку вышэйшыя службовыя асобы, віцэ-прэм`еры, міністры, губернатары.

"Асаблівасць гэтай нарады ў тым, што мы не толькі падвядзём папярэднія вынікі года, але і разгледзім прагноз на год. Пра пяцігодку размовы сёння не будзе. Зразумела, гэта стартавы год, ён вельмі важны для пяцігодкі, таму мы будзем яго скрупулёзна разглядаць. А на пяцігодку, магчыма, будуць якія-небудзь карэкціроўкі па выніках года. У пачатку студзеня яшчэ раз вернемся да пяцігадовага плана, тым больш што мы яго будзем разглядаць на Усебеларускім народным сходзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што можна па-рознаму глядзець на вынікі работы эканомікі ў гэтым годзе. Недацягнула да ўзроўню мінулага года прамысловасць, знізіліся інвестыцыі, на 15 працэнтаў прасеў экспарт.

"Але сёння трэба паглядзець шырэй і разумець, якія надзвычайныя выклікі стаяць і чаго нам удалося пазбегнуць. Гэта вельмі важна для планавання на будучыню. На долю дзеючага ўрада выпаў адзін з самых складаных перыядаў за апошнія дзесяцігоддзі. Часам сітуацыя мянялася не па месяцах і не па тыднях, а па днях", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу, што ключавая задача дасягнута - захавана фінансавая стабільнасць у банкаўскай сферы, на валютным рынку. "Без пратэрміновак разлічыліся па ўсіх даўгах. І гэта ўдалося забяспечыць на фоне жорсткіх бюджэтных рамак і галоўнага шоку года - каравіруса. І для гэтага было зроблена ўсё магчымае", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Як заявіў у час нарады прэм`ер-міністр Раман Галоўчанка, беларуская эканоміка ў гэтым годзе развівалася ў вельмі складаных умовах. Яна адчула на сабе ўздзеянне некалькіх шокаў: пандэміі, праблем з імпартам нафты і экспартам калію, зніжэння глабальнай эканамічнай актыўнасці, крызісу попыту, няўстойлівасці на ўнутраным фінансавым рынку, націску дэвальвацыйных чаканняў на валютны рынак, курс валюты і рэсурсную базу банкаў.

"У выніку ў першым квартале ўжо быў зафіксаваны спад ВУП на 0,2 працэнта. У другім квартале спад паскорылася да 3,1 працэнта ВУП. Міжнародныя арганізацыі прадказвалі нашай краіне і далейшы імклівы спад, а пасля нестабільнасці фінансавага рынку, якая ўзнікла ў жніўні, і наогул хуткі і абвальны калапс эканомікі", - звярнуў увагу прэм`ер-міністр.

Паводле ацэнак урада, ВУП па выніках года складзе 99,1-99,2 працэнта. Нават пры такім выніку Беларусь захавае лідзіруючыя пазіцыі па росце эканомікі не толькі сярод суседзяў, але і ў цэлым па Еўропе, адзначыў Раман Галоўчанка.

З дадатным вынікам спрацавалі сферы сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, сувязі і інфармацыі, фінансавы сектар. Прамысловасць наблізіцца да ўзроўню мінулага года (99,2 працэнта), а складскія запасы знізяцца прыкладна на Br800 млн адносна 1 чэрвеня бягучага года, дадаў кіраўнік урада.

"Сярэдняя зарплата ў снежні складзе больш як Br1,34 тыс. - у рэальным выражэнні рост амаль 7 працэнтаў. Выконваем задачу па захаванні працоўных калектываў ва ўмовах пандэміі. Адносна мая, на які прыпаў пік, няпоўная занятасць знізілася ў 4,4 раза, прастоі - у 2,3 раза. Разам з тым перавышэнне ўзроўню мінулага года пакуль захоўваецца", - заўважыў прэм`ер-міністр.

Індэкс спажывецкіх цэн урад ацэньвае на ўзроўні 6,9 працэнта. Раман Галоўчанка растлумачыў, што асноўная прычына перавышэння мэтавага параметра (5 працэнтаў) - дэвальвацыя рубля і перанос яе на кошт тавараў. У знешнім гандлі Беларусь спрацавала з прафіцытам, пачынаючы з мая экспарт штомесяц прырастае. Дадатнае сальда па выніках года павінна скласці амаль $1 млрд.

"Ва ўмовах пандэміі ўдалося забяспечыць стабільную работу прадпрыемстваў, не даць расхістаць сістэмы адукацыі і аховы здароўя, выканаць сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы ў поўным аб`ёме (а па некаторых параметрах нават перавыканаць), не дапусціць разбалансіроўкі бюджэту і крызісу на фінансавым рынку", - падагульніў кіраўнік урада.



7 снежня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/41/57427
Текущая дата: 17.11.2024