Белорусский портал в Казахстане

Міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа заклікаў пакінуць палітыку за рамкамі працоўнага часу



Зварот міністра да работнікаў галіны размешчаны на сайце Мінлясгаса.

Міністр выказаўся наконт заклікаў да забастовак на некаторых інтэрнэт-рэсурсах. "Скажу адкрыта: усяго тыдзень спынення вытворчасці здольны звесці на нішто ўсё, што канкрэтна вы з калегамі зрабілі за апошнія гады. Спыніцца вытворчасць - будуць сарваны кантракты, а значыць, будуць выстаўлены вялікія штрафныя санкцыі, якія лягуць цяжарам на лясгас. У выніку знікнуць дзелавыя партнёры. І тая ніша, якую мы ва ўмовах неверагоднай канкурэнцыі літаральна адваявалі на сусветным рынку, будзе страчана. Ці дапаможа гэта ў вырашэнні палітычнага крызісу? Наўрад ці. Але затое сапраўды паложыць на лапаткі ваша прадпрыемства. І размова ўжо будзе ісці не пра тое, каб атрымліваць высокую зарплату. Паўстане пытанне аб магчымасці яе выплачваць у прынцыпе. Ці гатовы вы да гэтага?" - задаў пытанне ён.

Віталь Дрожжа заклікаў работнікаў лясной галіны падумаць, што дасць забастоўка і чаго яна пазбавіць. "Людзі, якія сапраўды хочуць дабра для краіны і народа, не заклікаюць спыняць работу. Няма ніякай разважлівасці ў тым, каб на караблі, на якім плывеш, рабіць дзірку толькі для таго, каб выказаць свае прэтэнзіі капітану", - заявіў ён.

Міністр адзначыў, што ёсць шмат законных спосабаў выказаць сваю пазіцыю. "Але ў любым выпадку без насілля і правакацыі. Мы павінны слухаць і чуць адзін аднаго. Нам патрэбны дыялог", - упэўнены ён.

"Заклікаю пакінуць палітыку за рамкамі рабочага часу. Для гэтага ёсць выхадныя. А забастоўка - дарога ў нікуды. Спыніць, разбурыць лёгка. Але вярнуцца на ранейшыя пазіцыі ўжо будзе практычна немагчыма. Рынак сёння - вельмі жорсткая сфера адносін. І я прашу вас праявіць разважлівасць і не адмаўляцца ад усяго таго, да чаго мы так доўга разам ішлі. Бо каму як не леснікам ведаць, чым заканчваюцца ўсе ўраганы: вецер сціхае, пыл асядае. І застаюцца стаяць толькі самыя моцныя дрэвы. І я веру, што гэта вы. Няхай у вашых дамах, на вуліцах вашых гарадоў і вёсак заўсёды будуць мір і спакой!" - пажадаў Віталь Дрожжа.

19 жніўня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/45/55459
Текущая дата: 30.09.2024