Белорусский портал в Казахстане

Беларусі вельмі важна развіваць прамысловыя сувязі з Казахстанам



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 20-га ліпеня, назначаючы Паўла Уцюпіна Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Казахстане.

Ад новага пасла ў Казахстане кіраўнік дзяржавы чакае развіцця кааперацыйных сувязей у сферы прамысловасці. "Я Прэзідэнту (Казахстана.) пакляўся, што прыедзе вельмі талковы і прыстойны чалавек. Для нас вельмі важна прамысловасць там. Таму не думай, што ты едзеш для адпачынку. Нам трэба Казахстан падцягнуць да Беларусі. У нас развіта сельгасмашынабудаванне, кампетэнцыі ў нас добрыя - тое, чаго няма ў іх. Я вельмі спадзяюся, што твой досвед работы ў прамысловым сектары дапаможа нам справіцца з вырашэннем задач па пашырэнні тавараабароту з Казахстанам. Краіна цікавая, людзі цікавыя, і вельмі вялікі аб`ём работы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамлялася, кіраўнік дзяржавы назначыў паслоў сёння ў Нідэрланды, ЗША, Аўстрыю, Вялікабрытанію і Казахстан. Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Нідэрландах стане першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка. Намеснікі міністра Алег Краўчанка і Андрэй Дапкюнас назначаны адпаведна пасламі ў ЗША і Аўстрыю. Акрамя таго, Андрэй Дапкюнас па сумяшчальніцтве зойме пасаду пасла ў Славеніі і стане пастаянным прадстаўніком Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене і пры арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).

Экс-міністр фінансаў Максім Ермаловіч стане паслом у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі і па сумяшчальніцтве ў Ірландыі.

20 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/50/54716
Текущая дата: 26.12.2024