Белорусский портал в Казахстане

Беларусь абмяжоўвае ўвоз птушкі з двух рэгіёнаў Венгрыі з-за птушынага грыпу



Беларусь абмяжоўвае ўвоз птушкі з мудзьё Бач-Кішкун і Чонград у Венгрыі з-за птушынага грыпу. Такая інфармацыя размешчана на сайце Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу.

Паводле інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя жывёл, на тэрыторыі гэтых рэгіёнаў зарэгістраваны выпадкі захворвання птушак на высокапатагенны грып. У сувязі з гэтым з 10 красавіка ўводзяцца часовыя абмежаванні на ўвоз у Беларусь з венгерскіх медзьё Бач-Кішкун і Чонград жывой птушкі, інкубацыйных яек, дзікіх, заапаркавых і цыркавых успрымальных жывёл, мяса птушкі, яечнага парашку, меланжу, альбуміну і іншых харчовых прадуктаў перапрацоўкі курыных яек, пуху і пер`я, паляўнічых трафеяў (дзікіх птушак), іншай прадукцыі.

Прыпыняюцца ўсе раней выдадзеныя дазволы на ўвоз названых тавараў у Беларусь з гэтых рэгіёнаў.

У дэпартаменце інфармуюць аб неабходнасці прыняць дадатковыя меры па біялагічнай абароне птушкагадоўчых аб`ектаў усіх форм уласнасці.

Грып птушак - кантагіёзная хвароба, якая характарызуецца прыгнечаннем, ацёкамі, пашкоджаннем органаў дыхання, стрававання. Эканамічны ўрон ад яго вялікі ў сувязі з масавай гібеллю хворых птушак, неабходнасцю строгіх каранцінных і ветэрынарна-санітарных мерапрыемстваў, уключаючы знішчэнне хворай птушкі.

Звязда, 10 красавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/52/52645
Текущая дата: 30.09.2024