Месяц рэжыму самаізаляцыі ў Маскве ў многіх рэгіёнах пагоршыў плацежаздольнасць расійскіх пазычальнікаў, паведамілі РБК у буйных банках і Нацыянальнай асацыяцыі прафесійных калектарскіх агенцтваў (НАПКА).
У красавіку доля даўжнікоў, якія адмаўляліся плаціць па крэдытах з-за фінансавых цяжкасцей, павялічылася на 10 працэнтных пунктаў - да 60 працэнтаў, падлічылі ў НАПКА на аснове статыстыкі калектарскіх агенцтваў. Калі год таму толькі 18 працэнтаў такіх кліентаў тлумачылі неплацяжы стратай работы, то ў красавіку іх стала 30 працэнтаў. Акрамя таго, да 40 працэнтаў павялічылася доля тых, хто звязвае свае фінансавыя цяжкасці са зніжэннем даходаў (плюс 10 працэнтаў).
"Нягледзячы на тое, што самі даўжнікі непасрэдна спасылаюцца на каранавірус, па факце толькі ў адзінкавых выпадках - не больш за 1 працэнт - мы разумеем, што пандэмія стала магутным фактарам, які негатыўна паўплываў на даўжнікоў", - гаворыць прэзідэнт НАПКА Эльман Мяхціеў. Статыстыка калектарскіх агенцтваў адлюстроўвае паводзіны пазычальнікаў, якія ўжо зведвалі праблемы з выплатамі крэдытаў. Але рэжым самаізаляцыі паўплываў і на кліентаў, якія раней не дапускалі пратэрміновак, дадае эксперт.
Буйныя банкі пацвярджаюць пагаршэнне плацежнай дысцыпліны расійскіх пазычальнікаў. "На бягучы момант вялікая колькасць кліентаў сапраўды звязваюць парушэнні па аплаце крэдытаў з пандэміяй. У асноўным у якасці прычын немагчымасці ўнесці плацеж па крэдыце называюць страту работы або скарачэнне даходу", - паведаміў прадстаўнік Ашчаднага банка.
Як адзначылі ў ВТБ, у красавіку ўсё больш пазычальнікаў называлі пандэмію каранавіруса ў якасці прычыны пратэрміноўкі. Доля даўжнікоў, якія спасылаюцца на страту работы або адсутнасць работы з-за рэжыму самаізаляцыі, павялічылася ў параўнанні з папярэднімі месяцамі на 20-50 працэнтаў, расказалі ў банку.
Паводле прагнозу рэйтынгавага агенцтва Moody`s, у 2020 годзе доля праблемных крэдытаў у расійскіх банках можа падвоіцца і дасягнуць 20 працэнтаў партфеля. Прычына - прастой бізнесу з-за самаізаляцыі і далейшы рост беспрацоўя.
6 мая 2020, Мінск
БЕЛТА
6 мая 2020, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/52/53348
Текущая дата: 18.11.2024