Белорусский портал в Казахстане

Злучаныя Штаты гатовыя задаволіць патрэбы Беларусі ў энерганосьбітах



Дзярждэпартамент ЗША распаўсюдзіў ў пятніцу пісьмовую заяву дзяржсакратара Майкла Пампеа.

«На гэтым тыдні першая партыя амерыканскай нафты адправіцца ў Беларусь. Гэтая канкурэнтная здзелка, зробленая пры ўдзеле амерыканскага энергатрэйдара United Energy Trading, а таксама пры садзейнічанні амерыканскай кампаніі Getka і іх польскага партнёра UNIMOT, умацоўвае беларускі суверэнітэт і незалежнасць, дэманструе, што ЗША гатовыя даць гандлёвыя магчымасці амерыканскім кампаніям, зацікаўленым у выхадзе на беларускі рынак», — сказаў кіраўнік амерыканскай дыпламатыі. Ён нагадаў, што такім чынам Злучаныя Штаты «выконваюць узятыя на сябе ў лютым абавязацельствы».

Пампеа заклікаў афіцыйны Мінск «выкарыстоўваць дасягнуты прагрэс для пашырэння доступу амерыканскіх прадпрыемстваў на свой рынак».

«Злучаныя Штаты настойліва заклікаюць Беларусь выкарыстоўваць дасягнуты прагрэс для пашырэння доступу амерыканскіх прадпрыемстваў на свой рынак і праводзіць рынкавыя рэформы, накіраваныя на лібералізацыю гандлю і неабходныя для далейшага прасоўвання працэсу далучэння да Сусветнай гандлёвай арганізацыі», — гаворыцца ў паведамленні.

На думку кіраўніка амерыканскага знешнепалітычнага ведамства, гэтыя крокі дапамогуць Мінску «цалкам раскрыць свой гандлёвы і інвестыцыйны патэнцыял і забяспечыць сваю будучыню».

«Злучаныя Штаты спадзяюцца на далейшае ўмацаванне нашага партнёрства», — сказаў на заканчэнне Пампеа.

Звязда, 15 траўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/52/53503
Текущая дата: 26.12.2024