Белорусский портал в Казахстане

На падтрымку эканомікі Беларусі праз каранавірус будзе накіравана каля 110 мільёнаў рублёў



«Урад унёс неардынарны пакет, які прадугледжвае падтрымку цэлых сектароў, у якіх працуюць 550 тысяч чалавек», — паведаміў журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас перад адкрыццём другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Па словах прэм’ера, комплекс мераў складаецца з пяці пакетаў. У прыватнасці, прамыя меры бюджэтна-падатковай падтрымкі складуць каля ста дзесяці мільёнаў рублёў.

«Там ёсць цэлы шэраг мераў у сферы грошава-крэдытнай і прудэнцыяльнай палітыкі, падтрымкі рэальнага сектара эканомікі, пакет мераў, якія дазволяць ініцыяваць для прыняцця рашэнні ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, бо частку паўнамоцтваў мы аддалі туды, і меры па абароне спажывецкага рынку», — праінфармаваў кіраўнік урада.

Шэраг пастаноў ужо прыняты Саветам Міністраў, астатнія будуць прыняты да канца дня. Саўмін чакае прыняцця першага пакета ў найбліжэйшы час, падкрэсліў Сяргей Румас.

«Сёння ўрад ужо мае бачанне па другім пакеце, які будзе тычыцца падтрымкі прамысловасці і будаўніцтва. І нешта мне падказвае, што другі пакет таксама не будзе апошнім, таму што сітуацыя развіваецца вельмі імкліва, і дзяржава мусіць аказваць тым сферам эканомікі, якія апынуліся ў складаным становішчы, меры падтрымкі», — адзначыў прэм’ер-міністр.

Аўтар: Варвара Марозава
Звязда, 2 красавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/53/52522
Текущая дата: 30.09.2024