Белорусский портал в Казахстане

Беларуская атамная электрастанцыя - гэта экалагічны праект, рэалізацыя якога дасць магчымасць вырашаць кліматычныя праблемы ў Еўропе



Аб гэтым у час чарговага пасяджэння праекта "Экспертнае асяроддзе" - "Экалогія: мода або патрэбнасць?" у прэс-цэнтры БЕЛТА заявіла аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Кацярына Рэчыц.

Эксперт падкрэсліла, што Беларуская атамная электрастанцыя поўнасцю адпавядае сучасным запытам сусветнай супольнасці. "Гэта не проста энергетычны, а экалагічны праект, які дазваляе вырашыць праблемы клімату, выкіду парніковых газаў не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў маштабах Еўропы", - адзначыла яна.

Кацярына Рэчыц звярнула ўвагу, што ў 2019 годзе Беларусь размясцілася ў сярэдзіне рэйтынгу эфектыўнасці барацьбы са змяненнямі клімату: з 61 пазіцыі яна займае 40-ю. 

"Пры гэтым многія краіны Еўрапейскага саюза знаходзяцца на горшых месцах. Гэта, напрыклад, Чэхія, Славенія, Балгарыя, Польшча. А замыкае рэйтынг ЗША", - расказала прадстаўнік БІСД.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі перспектывы павышэння статусу рэспубліканскага экалагічнага форуму. Сёлетні, ужо 15-ы па ліку, прайшоў у ліпені ў Навагрудку Гродзенскай вобласці. 

Кацярына Рэчыц выказала меркаванне, што мае сэнс перафармаціраваць гэта мерапрыемства да ўзроўню міжнароднага. 

"Гэта дасць магчымасць зрабіць больш прыкметнымі намаганні Беларусі на сусветнай арэне і ў вачах уласнага насельніцтва. Такі пэўны іміджавы ход. Усё ж такі ў краіне многае робяць для захавання прыроднага асяроддзя", - сказала аналітык. 

"У нас ёсць чым ганарыцца. Пытанне ў тым, як нам узмацніць меры, каб захаваць нашу ўнікальную прыродную спадчыну для нашчадкаў", - дадала яна, нагадаўшы, што аб гэтым 13 снежня гаварыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх ВНУ.

18 снежня 2019, Минск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/59/50963
Текущая дата: 18.11.2024