Белорусский портал в Казахстане

Стаўрапольскі край зацікаўлены ў стварэнні на сваёй тэрыторыі зборачнай вытворчасці беларускіх трактароў



Аб гэтым ішла размова 20 кастрычніка на сустрэчы пасла Беларусі ў Расіі Дзмітрыя Крутога з губернатарам расійскага рэгіёна Уладзімірам Уладзіміравым, з якой пачаўся візіт кіраўніка беларускай дыпмісіі ў Стаўрапаль, паведамілі ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.

Бакі адзначылі рост тавараабароту паміж Беларуссю і Стаўрапольскім краем: да канца года плануецца выйсці на ўзровень $0,5 млрд. Пасол і губернатар сышліся на думцы, што ў бягучых умовах для вырашэння пастаўленых кіраўнікамі дзвюх краін задач неабходна пераходзіць ад гандлёвай стратэгіі ўзаемадзеяння да кааперацыйнай.

"У рэгіёне больш за палавіну трактароў і больш за 10 працэнтаў камбайнаў - беларускай вытворчасці. Губернатар зацікаўлены ў стварэнні зборачнай вытворчасці трактароў з перспектывай экспарту па ўсім поўдні Расіі (край мяжуе з васьмю суб`ектамі Федэрацыі). Рэгіён гатовы прадаставіць лепшыя пляцоўкі, усю неабходную інфраструктуру і прэферэнцыі як у самым Стаўрапалі, так і ў Мінеральных Водах, Нявіннамыску. Дзмітрый Крутой горача падтрымаў прапанову Уладзіміра Уладзімірава, папрасіў таксама ўважліва паглядзець на перспектывы зборкі рознай тэхнікі на шасі Мінскага аўтазавода", - расказалі ў прэс-службе.

Дзмітрый Крутой і Уладзімір Уладзіміраў таксама падрабязна абмеркавалі мадэрнізацыю пасажырскага транспарту, у тым ліку адной са старэйшых трамвайных ліній у Расіі - у Пяцігорску. "Беларусы гатовы ўдзельнічаць у праектах, стаўрапальчане чакаюць нашу тэхніку ў доследную эксплуатацыю", - адзначылі ў прэс-службе. Акрамя таго, субяседнікі доўга і зацікаўлена гаварылі аб сельскай гаспадарцы: насенні буракоў, камбікармах, біягенетыцы, племянной справе, саджанцах і садах пад ключ.

20 кастрычніка 2023, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/6/71261
Текущая дата: 19.05.2024