Аналітыкі міждзяржаўнай структуры канстатавалі, што паток інвестыцый у Беларусь у мінулым годзе павялічыўся.
Спажывецкі попыт стаў важнейшым фактарам росту эканомікі Беларусі ў 2023 годзе, гаворыцца ў чарговым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).
"У 2024 годзе эканоміка Беларусі працягне расці хутчэй, чым апошнія 10 гадоў", - прагназіруюць аналітыкі.
Таксама яны канстатавалі, што ў студзені гадавы ўзровень інфляцыі павялічыўся з 5,8% да 5,9%. Прычына – ва ўзмацненні цэнавага націску з боку ўнутранага попыту, рынку працы і расійскай інфляцыі. Але дзяржава захоўвае стрымальны інструмент – рэгуляванне цэн.
Тым не менш, у ЕАБР пакуль што не ўпэўнены, што ўлады ўтрымаюць інфляцыю па выніках года на ўзроўні 6%: эксперты мяркуюць, што яна складзе 8%.
Акрамя таго, яны звярнулі ўвагу, што інвестыцыйная актыўнасць у рэспубліцы ў мінулым годзе пачала аднаўляцца. Інвестыцыі ў асноўны капітал выраслі на 14,8%. Хаця гэта не кампенсавала падзенне, якое было ў 2022-м (мінус 19,1%).
"Пры гэтым прыватныя інвестыцыі растуць значна больш нізкімі тэмпамі, чым інвестыцыі ў прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці (9% і 19,7% адпаведна)", - звярнулі ўвагу аўтары агляду.
Рост унутранага попыту, як лічаць аналітыкі ЕАБР, дае перадумовы для пагаршэння сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. Раней дэфіцыт гандлёвага балансу перавысіў 1,8 млрд долараў (у студзені-лістападзе 2023 года). Для параўнання: у аналагічным перыядзе 2022-га быў прафіцыт 1 млрд долараў.
Такую сітуацыю ў ЕАБР тлумачаць хуткім ростам імпарту. Аднак размова ідзе менавіта аб грашовым выражэнні. Фізічныя аб’ёмы экспарту растуць даволі дынамічна, але на гэта накладваецца зніжэнне доларавых цэн (мінус 15% у гадавым выражэнні). Адна з прычын – паслабленне расійскага рубля да долара і зніжэнне сусветных цэн на сыравіну.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/6/72719
Текущая дата: 21.12.2024