Белорусский портал в Казахстане

Урад Беларусі прапануе Сусветнаму банку завяршыць узгадненне дарожнай карты рэформ у верасні 2019 года



Аб гэтым заявіў першы намеснік прэм`ер-міністра Аляксандр Турчын 19-га ліпеня на сустрэчы з прадстаўнікамі Сусветнага банка на чале з рэгіянальным дырэктарам СБ па Беларусі, Малдове і Украіне Сату Кахканен.

"На мой погляд, па нашай дарожнай карце павышэння эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі засталося не так шмат рознагалоссяў. Прапаную пачынаць працаваць па кожнай старонцы дарожнай карты, і калі агульныя фармулёўкі і рашэнні зразумелыя, каб усё было ўзгоднена. Ёсць прапанова, каб у верасні бягучага года мы гэту работу завяршылі", - адзначыў Аляксандр Турчын.

У першага віцэ-прэм`ера 18 ліпеня адбылося чарговае абмеркаванне ўсіх аспектаў дарожнай карты. "У прынцыпе практычна па ўсіх пытаннях, мы лічым, агульныя рашэнні знойдзены", - сказаў ён.

"Калі застануцца нейкія пытанні, па якіх мы не знойдзем кампрамісу (але, на мой погляд, такіх пытанняў быць не павінна), мы іх пакінем для вырашэння на самым высокім узроўні", - дадаў Аляксандр Турчын.

Сату Кахканен у сваю чаргу адзначыла, што рада магчымасці правесці сустрэчу і абмеркаваць ва ўрадзе падрыхтоўку дакумента. Паводле яе ацэнкі, засталося не так шмат пытанняў, якія выклікалі б нязгоду паміж бакамі, але гэта важныя моманты, іх трэба абмеркаваць.

Па выніках перагавораў бакі пацвердзілі, што ўзгадніць дарожную карту плануецца ў верасні, а далейшая падрыхтоўка да падпісання будзе ісці да канца года.

Урад і Сусветны банк пачалі працаваць над дарожнай картай рэформ у студзені 2019 года.

Раней у інтэрв`ю кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер тлумачыў, што пры падрыхтоўцы дакумента падтрымка банка будзе ахопліваць пяць асноўных напрамкаў: дзяржаўныя расходы, энергетычная галіна, дзяржаўныя прадпрыемствы, фінансавы сектар, сістэма сацыяльнай абароны і забеспячэння.

19 ліпеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/65/48857
Текущая дата: 30.09.2024