Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў "звярнуць сур`ёзную ўвагу на якасць уборкі"



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23-га ліпеня на рэспубліканскай селектарнай нарадзе па пытаннях уборкі ўраджаю запатрабаваў звярнуць сур`ёзную ўвагу на якасць работ і ўтрыманне тэхнікі.

"Звяртаю вашу ўвагу на страты. Вазьміце гэта на кантроль", - даручыў губернатарам Прэзідэнт. Паводле мінімальных ацэнак, страты ў час уборачнай складаюць паўмільёна тон, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Асабліва ён вылучыў цэнтральныя і паўночныя раёны, якія яшчэ масава вядуць уборку азімага рапсу. "Там страты вялікія", - выказаў занепакоенасць Прэзідэнт і запатрабаваў не забываць аб захаванні тэхналогіі.

"Ураджай трэба ўбраць з мінімальнымі стратамі, а лепш без іх, калі гэта магчыма", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб неабходнасці аднавіць паўтара-двухгадовы запас травяністых кармоў. Да гэтага часу збожжавыя і зернебабовыя ўбраны прыкладна на 20 працэнтах плошчаў.

"Праз дзень-паўтара трэба гераічна весці ўборку, каб за тыдзень мы выйшлі за 60 працэнтаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы. У час селектарнай нарады закраналася пытанне забеспячэння гаспадарак тэхнікай, палівам.

"Што датычыцца куплі камбайнаў, мы звернем на гэта ўвагу", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы агучыў галоўнае патрабаванне - нармальнае ўтрыманне тэхнікі. Кантраляваць гэта - адна з функцый міліцыі, КДК, пракуратуры.

23 ліпеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/66/48904
Текущая дата: 18.11.2024