Белорусский портал в Казахстане

Еўрасаюз працягнуў абмежавальныя меры да Беларусі



Такое рашэнне прынятае 25 лютага, інфармуе сайт Савета ЕС.

Савет ЕС працягнуў яшчэ на год, да 28 лютага 2020 года, абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі, у прыватнасці эмбарга на пастаўкі зброі і тэхнікі, а таксама візавыя санкцыі супраць чатырох беларускіх грамадзян.

У паведамленні гаворыцца, што "меры ўключаюць у сябе эмбарга на пастаўкі зброі і тэхнікі", якія могуць быць выкарыстаны для рэпрэсій унутры краіны, а таксама "замарожванне актываў і забарону на паездкі для чатырох чалавек", бо іх лічаць "датычнымі да нераскрытых знікненняў двух апазіцыйных палітыкаў, бізнесмена і журналіста ў 1999 і 2000 гадах". 

"Савет таксама працягнуў забарону на прымяненне абмежавальных мер на экспарт біятлоннага рыштунку і спартыўных вінтовак і спартыўных пісталетаў спецыяльнага прызначэння ў Беларусь", — адзначаецца ў паведамленні. 

Першапачаткова ў санкцыйны спіс Еўрасаюза ўваходзілі чатыры беларускія чыноўнікі — Уладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў і Дзмітрый Паўлічэнка. На думку ЕС, яны маюць дачыненне да знікнення ў Беларусі апанентаў улады ў 1999—2000 гадах.

У снежні 2004 года, пасля парламенцкіх выбараў і рэферэндуму, паводле вынікаў якога Аляксандр Лукашэнка атрымаў права абірацца на пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў, спіс папоўнілі кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палка міліцыі спецпрызначэння Юрый Падабед. 

У 2006 годзе спіс пашырылі да 41 чалавека, якія, на думку ЕС, былі адказныя за парушэнне правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. У спіс быў уключаны і Лукашэнка. 

У кастрычніку 2008 года санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і яшчэ 35 чалавек былі прыпыненыя. 

Дзеянне санкцый ЕС да Беларусі было адноўленае і пашыранае пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, якія завяршыліся жорсткім разгонам мірнай дэманстрацыі ў Мінску, арыштам большасці альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты і масавымі рэпрэсіямі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці. 

На працягу наступных пяці гадоў чорны спіс ЕС неаднаразова мяняўся: некаторых фізічных асоб і прадпрыемствы з яго выключалі, іншых — уносілі. Акрамя гэтага, у 2011 годзе ЕС увёў эмбарга на пастаўкі зброі. 

15 лютага 2016 года Савет ЕС прыняў рашэнне зняць абмежавальныя меры ў дачыненні да 170 фізічных асоб і 4 кампаній. Пад санкцыямі засталіся Уладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў і Дзмітрый Паўлічэнка. Таксама было захаванае эмбарга на пастаўкі зброі і забарона на экспарт тавараў для ўнутраных рэпрэсій. 

У лютым 2017 года санкцыі былі працягнутыя на год. Пры гэтым ЕС дазволіў экспарт у Беларусь біятлоннага рыштунку. 

Чарговым разам абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі Савет ЕС працягнуў у лютым мінулага года.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 25 лютага 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/72/46922
Текущая дата: 18.11.2024