Белорусский портал в Казахстане

Улады Беларусі з пачатку года заплацілі па даўгах больш за мільярд долараў



За студзень—люты ўрад і Нацбанк выплацілі па даўгах 1 млрд 81 млн долараў. Разам з тым золатавалютныя рэзервы за люты выраслі на 1,1%, сведчаць дадзеныя рэгулятара.

Як паведамляе Нацбанк, у лютым плацяжы дзяржавы па знешніх і ўнутраных абавязацельствах склалі 431 млн долараў. Раней паведамлялася, што ў студзені плацяжы склалі 650 млн долараў. Такім чынам, за студзень—люты плацяжы ўрада і Нацбанка па дзярждоўгу ўжо перавысілі мільярд долараў.

Пры фарміраванні прагнозу на год Нацбанк і ўрад ацэньвалі ўнутраныя і знешнія абавязацельствы на 2019 год на ўзроўні 4,9 млрд долараў.

Паводле дадзеных Нацбанка, на фоне выплат па дзярждоўгу золатавалютныя рэзервы на 1 сакавіка склалі 7 млрд 95,1 млн долараў і выраслі за люты на 1,1%.

У грашовым выражэнні рэзервы павялічыліся на 77,5 млн долараў пасля зніжэння на 139,9 млн долараў у студзені.

Як паведамляе Нацбанк, павелічэнню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у лютым спрыялі некалькі фактараў: купля замежнай валюты на ўнутраным рынку; паступленне замежнай валюты ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты; паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце.

Варта зазначыць, што грашовыя ўлады ставяць задачу палепшыць структуру золатавалютных рэзерваў.

"У свой час практычна ўсе золатавалютныя рэзервы былі пазыковымі. Зараз мы імкнемся да таго, каб золатавалютныя рэзервы былі нашымі ўласнымі, а не пазыковымі рэсурсамі", — падкрэсліў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Андрэй Кацегаў, выступаючы сёлета на пасяджэнні Рэспубліканскага клуба дырэктараў.

Ён адзначыў, што ў 2019 годзе на фоне выплат па даўгах рэгулятар не прагназуе істотнай змены рэзерваў і чакае іх стабілізацыі на ўзроўні 7,1 млрд долараў.

На пачатак 2019 года золатавалютныя рэзервы Беларусі складалі 7 млрд 157,8 млн. Паводле асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2019 год, аб`ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2020 года павінен скласці не менш як 7,1 млрд долараў ЗША.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 7 сакавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/72/47069
Текущая дата: 18.11.2024