Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Казахстан маюць намер разам выпускаць беспілотнікі



Пра гэта паведаміў першы намеснік прэм`ер-міністра Аляксандр Турчын 26 лістапада ў Мінску на пасяджэнні міжурадавай беларуска-казахстанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

"Чакаем, што найбліжэйшым часам мы пачнём рэалізацыю сумеснага праекта па вытворчасці беларускіх беспілотнікаў у Казахстане, — цытуе Турчына прэс-служба ўрада. — Спадзяемся, што тэмпы ўзаемадзеяння ў IT-сферы будуць нарастаць і да ўжо паспяхова рэалізаваных у гэтай галіне сумесных ініцыятыў дабавяцца новыя значныя праекты".

"Надаючы прыярытэтную ўвагу прамысловай кааперацыі, супрацоўніцтву ў галінах сельскай гаспадаркі і транспарту, лічым неабходным надаць дадатковы імпульс інвестыцыйнаму ўзаемадзеянню, супрацоўніцтву ў IT-сферы, абласцях космасу і высокіх тэхналогій", — падкрэсліў першы віцэ-прэм`ер.

Паводле яго слоў, беларускі бок гатовы актыўна ўдзельнічаць у сумесных інфраструктурных і прамысловых праектах.

"У якасці самастойнага напрамку або складовай часткі ініцыятывы Эканамічнага пояса Шаўковага шляху цікавасць уяўляе сумеснае выкарыстанне патэнцыялу свабоднай эканамічнай зоны "Хоргос-Усходнія вароты" на казахстанска-кітайскай мяжы і Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень", — лічыць Турчын. Ён таксама прапанаваў разгледзець пытанне аб узаемным інвеставанні і стварэнні новых сумесных праектаў у Беларусі і Казахстане, накіраваных на працу з Кітаем і еўрапейскімі краінамі.

Аб`ём гандлю паміж Беларуссю і Казахстанам у студзені—верасні гэтага года вырас на 42,6% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам і склаў 693,8 млн долараў.

"Чакаем, што па выніках гэтага года наш тавараабарот складзе каля 1 млрд долараў. Гэта добры паказчык, але вымушаны канстатаваць, што яго аб`ём не адлюстроўвае існуючы ў нас эканамічны патэнцыял", — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Па выніках пасяджэння камісіі ўрада Беларусі і Казахстана падпісалі дарожную карту развіцця супрацоўніцтва на 2019—2020 гады.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 26 лістапада 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/75/45787
Текущая дата: 18.11.2024