Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі набылі моц змены ў Банкаўскі кодэкс



З 29 кастрычніка камерцыйным банкам забаронена ў аднабаковым парадку змяняць умовы па крэдытах і ўкладах насельніцтва ў горшы бок.

У дакуменце замацаваныя палажэнні, якія тычацца абароны інтарэсаў грамадзян (спажыўцоў фінансавых паслуг). Таксама зменены парадак звестак, якiя ўяўляюць банкаўскую таямніцу, удакладнены парадак спынення дзейнасці банка.

Прадстаўнікі Нацбанка адзначаюць, што папраўкі ў кодэкс ўтрымліваюць некалькі важных нормаў для насельніцтва.

"Новыя палажэнні накіраваныя на абарону карыстальнікаў банкаўскіх паслуг. У прыватнасці, банкі цяпер не могуць змяніць працэнтныя стаўкі па крэдытах і ўкладах у аднабаковым парадку ў горшы бок для спажыўцоў фінансавых паслуг", — адзначыла намеснік начальніка галоўнага юрыдычнага ўпраўлення Нацбанка Алена Орда, анансуючы на мінулым тыдні ўваходжанне ў сілу зменаў у кодэкс.

Яна патлумачыла, што банкам забараняецца ў аднабаковым парадку зніжаць працэнтныя стаўкі па ўкладах і павялічваць працэнтныя стаўкі па крэдытах.

"Выключэнне складаюць выпадкі, калі ў дагаворах указана пераменная працэнтная стаўка, якая змяняецца незалежна ад камерцыйнага банка. У прыватнасці, гаворка можа ісці пра стаўку рэфінансавання", — удакладніла Орда.

Яна таксама паведаміла, што кодэксам уводзіцца забарона на ўстанаўленне банкамі абмежаванняў па выбары страхоўшчыкаў і ацэншчыкаў па крэдытах. "Калі ўмовай заключэння крэдытнага дагавора з`яўляецца аказанне дадатковых платных паслуг (напрыклад, страхавання), то фізасоба не можа быць абмежаваная ў частцы выбару страхоўшчыка", — сказала прадстаўнік Нацбанка.

Акрамя таго, уводзіцца забарона на падаванне платнай інфармацыі аб умовах крэдытавання.

Банкі звярталіся ў Нацбанк у сувязі з асобнымі палажэннямі зменаў у кодэкс. Юрысты банкаў адзначалі, што ў Банкаўскім кодэксе з улікам правак статус індывідуальных прадпрымальнікаў набліжаны да статусу фізічных асоб, якім з 2009 года забаронена выдача валютных крэдытаў.

"З 29 кастрычніка ў сувязі з уваходжаннем у сілу Банкаўскага кодэкса сітуацыя ў частцы выдачы валютных крэдытаў індывідуальным прадпрымальнікам не зменіцца", — патлумачыла Алена Орда.

Яна адзначыла, што змены ў Банкаўскі кодэкс уносіліся для абароны правоў крэдытаатрымальнікаў.

"Артыкул Грамадзянскага кодэкса ў частцы аднясення індывідуальных прадпрымальнікаў да юрыдычных асоб ніхто не адмяняў. Індывідуальныя прадпрымальнікі ажыццяўляюць дзейнасць, накіраваную на пастаяннае атрыманне прыбытку, гэта значыць, яны не прыраўноўваюцца да фізічных асоб", — падкрэсліла Орда.

Таму, адзначыла яна, папраўкі ў Банкаўскі кодэкс не прывядуць да змены ўмоў крэдытавання індывідуальных прадпрымальнікаў і яны па-ранейшаму (у адрозненне ад фізічных асоб) змогуць атрымліваць у банках крэдыты ў замежнай валюце.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 29 кастрычніка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/77/45453
Текущая дата: 27.12.2024