Белорусский портал в Казахстане

Нацыянальны банк Беларусі зацвердзіў новую рэдакцыю правіл лізінгавай дзейнасці



Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацбанка.

Пастановай праўлення Нацыянальнага банка ад 19 верасня № 417 зацверджаны ў новай рэдакцыі правілы ажыццяўлення лізінгавай дзейнасці.

Рашэнне прынята ў мэтах далейшага развіцця лізінгу, павышэння абароны правоў і законных інтарэсаў лізінгаатрымальнікаў і лізінгавых кампаній, а таксама з улікам існуючай практыкі рэалізацыі здзелак лізінгу.

У ліку прадугледжаных новай рэдакцыяй змен — абавязковае інфармаванне лізінгавай кампаніяй лізінгаатрымальнікаў аб памеры налічаных сум няўстоек (штрафаў, пеняў) за невыкананне або неналежнае выкананне імі сваіх абавязкаў па дамове лізінгу. Гэта мера дазволіць пазбегнуць нарастання штрафных санкцый у дачыненні да лізінгаатрымальнікаў — фізічных асоб за парушэнне імі ўмоў дамовы лізінгу, падкрэслілі ў прэс-службе.

Урэгуляваны таксама пытанні зніжэння некампенсаванага кантрактнага кошту прадмета лізінгу і абавязацельстваў па дамове лізінгу лізінгаатрымальніка — фізічнай асобы на суму атрыманага лізінгавай кампаніяй ад страхавой кампаніі страхавой кампенсацыі, напрыклад пры ДТЗ, пасля якога выкарыстанне прадмета лізінгу (напрыклад, аўтамабіля) немагчымае. Гэта, з аднаго боку, забяспечыць кампенсацыю маёмасных страт добрасумленнага лізінгаатрымальніка, з іншага боку, дазволіць лізінгадаўцу пазбегнуць страт ад такой здзелкі, адзначылі ў прэс-службе.

У новай рэдакцыі правіл спрошчаная працэдура афармлення пераходу да лізінгаатрымальніка права ўласнасці на прадмет лізінгу пасля выканання ўсіх абавязацельстваў па дамове лізінгу. З моманту ўваходжання правіл у сілу стане магчымым афармленне гэтага факта лізінгадаўцам у аднабаковым парадку.

Акрамя таго, лізінгавым арганізацыям даецца магчымасць афармлення ў аднабаковым парадку вяртання прадмета лізінгу ў выпадках датэрміновага скасавання дагавора лізінгу ў сувязі з невыкананнем лізінгаатрымальнікам сваіх абавязкаў па гэтай дамове.

Пастанова набудзе моц 5 студзеня 2019 года. Пры гэтым дзеянне новых правіл будзе распаўсюджвацца толькі на новазаключаныя дамовы лізінгу. Дамовы, заключаныя да ўваходжання змяненняў у сілу, не патрабуюць унясення змяненняў і дзейнічаюць да поўнага выканання бакамі прынятых на сябе абавязацельстваў, удакладнілі ў Нацбанку.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 4 кастрычніка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/78/45214
Текущая дата: 27.12.2024