У першым паўгоддзі Беларусь штомесяц увозіла каля 300—400 тыс. тон нафтапрадуктаў з Расіі, а ў ліпені аб`ём імпарту расійскіх нафтапрадуктаў аказаўся найменшым у гэтым годзе, сведчаць афіцыйныя статдадзеныя.
У студзені—ліпені Беларусь імпартавала з Расіі 2,35 млн тон нафтапрадуктаў на 912,2 млн долараў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў фізічным выражэнні імпарт нафтапрадуктаў з РФ вырас на 36,8%, у грашовым — на 43,7%.
Разам з тым у ліпені Беларусь атрымала нафтапрадуктаў нашмат менш, чым у папярэднія месяцы. Згодна са статыстычнымі дадзенымі, у студзені краіна імпартавала з Расіі 350,5 тыс. тон нафтапрадуктаў, у лютым — 318,8 тыс. тон, у сакавіку — 389,3 тыс., у красавіку — 396,9 тыс., у маі — 365,8 тыс., у чэрвені — 290,6 тыс., у ліпені — 237 тыс. тон.
Такім чынам, у ліпені Беларусь у параўнанні з чэрвенем атрымала на 18,4% менш расійскіх нафтапрадуктаў, а ў параўнанні з маем іх аб`ём скараціўся на 35,1%.
Урады дзвюх краін вядуць перамовы аб умовах гандлю нафтай і нафтапрадуктамі.
Па ініцыятыве расійскага боку ўжо падрыхтавана рашэнне аб тым, што з чацвёртага квартала 2018 года РФ абмяжоўвае пастаўкі нафтапрадуктаў і гатовая пастаўляць іх выключна для задавальнення ўнутраных патрэбаў Беларусі.
Акрамя таго, праект міждзяржаўнага рашэння прадугледжвае, што па патрабаванні расійскіх уладаў беларускія прадпрыемствы і дзяржаўныя органы павінны будуць абгрунтоўваць гэтыя ўнутраныя патрэбы.
Як паведамляла ў жніўні агенцтва Reuters са спасылкай на дакументальныя крыніцы, Расія плануе абмежаваць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь у сувязі з тым, што падазрае яе ў рээкспарце.
Кіраўнік Міністэрства энергетыкі Расіі Аляксандр Новак заявіў 3 верасня, што пастаўкі расійскіх нафтапрадуктаў у Беларусь эканамічна немэтазгодныя. У сваю чаргу віцэ-прэм`ер Беларусі Ігар Ляшэнка, каментуючы заяву расійскага міністра, падкрэсліў, што беларускі бок настойвае на захаванні паставак расійскіх нафтапрадуктаў у Беларусь.
Чакаецца, што пытанне паставак расійскіх нафтапрадуктаў у Беларусь будзе узнята на запланаваных на 21 верасня перамовах з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 18 верасня 2018
Мінск, 18 верасня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/79/44991
Текущая дата: 27.12.2024