Белорусский портал в Казахстане

Золатавалютныя рэзервы ў ліпені выраслі амаль на 200 млн долараў



На 1 жніўня золатавалютныя рэзервы Беларусі склалі 7 млрд 30,2 млн долараў ЗША, паведамляе Нацыянальны банк.

За ліпень 2018 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 198,8 млн долараў ЗША, або на 2,9%, пасля скарачэння ў чэрвені на 108,2 млн долараў (на 1,6%).

Згодна са звесткамі рэгулятара, павелічэнню рэзерваў у ліпені спрыялі некалькі фактараў: купля замежнай валюты на ўнутраным рынку, паступленне замежнай валюты ў бюджэт (у тым ліку ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты), а таксама паступленне сродкаў ад продажу на ўнутраным рынку валютных дзяржаблігацый.

У той жа час да скарачэння рэзерваў прыводзілі выплаты па дзярждоўгу. "Урадам і Нацыянальным банкам у ліпені выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму прыблізна 450 млн долараў ЗША", — паведамляе рэгулятар.

Нацбанк нагадвае, што з улікам неабходнасці выплат па ўнутраным і знешнім дзярждоўгу золатавалютныя рэзервы, згодна з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі, павінны скласці да канца года не менш як 6 млрд долараў.

Між тым на пашыраным праўленні, якое адбылося ў канцы ліпеня, Нацбанк заявіў, што чакае да канца года велічыню рэзерваў на ўзроўні 6,5 млрд долараў.

Як паведамлялася раней, у пачатку 2017 года золатавалютныя рэзервы Беларусі складалі 7,3 млрд долараў. Улады тлумачылі зніжэнне аб`ёму рэзерваў у гэтым годзе тым, што неабходна выплачваць абавязацельствы па знешнім і ўнутраным доўгу.

Беларусь у 2018 годзе на пагашэнне і абслугоўванне знешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу павінна накіраваць 3,6 млрд долараў. Мінфін раней паведаміў, што на дзве траціны выплаты па дзярждоўгу плануецца ажыццявіць за кошт недаўгавых крыніц.

Варта адзначыць, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў плацяжы Беларусі па дзярждоўгу будуць заставацца значнымі. Згодна са звесткамі Мінфіна, за 2019—2023 гады гэтыя плацяжы складуць 18,5 млрд долараў, у тым ліку у 2019 годзе краіна павінна накіраваць крэдыторам 3,6 млрд долараў, у 2020-м — 3,78 млрд, у 2021-м — 3,54 млрд, у 2022-м — 3,6 млрд, у 2023-м — амаль 4 млрд долараў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 7 жніўня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/80/44502
Текущая дата: 27.12.2024