Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 31 жніўня, прымаючы кадравыя рашэнні.
"Часу на разварушэнне няма. І дзякуй Богу, што вы, працуючы ў гэтых міністэрствах, ведаеце і гэтыя праблемы, і ўсе гэтыя справы. Ніякага разварушвання — толькі наперад. Я перш за ўсё чакаю ад вас жорсткай дысцыпліны на падведамных прадпрыемствах і вашых міністэрствах. З гэтага трэба пачынаць", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.
"Патрэбны вынік, патрэбная дысцыпліна. Гэта фактары нашай незалежнасці. Таму што ад гэтага залежыць развіццё эканомікі. Самае страшнае, за што мы павінны "баяцца", — гэта эканоміка. Іншых няма праблем у нашым грамадстве. Усё астатняе мы трымаем жорстка на кантролі. эканоміка перш за ўсё!" — заявіў афіцыйны лідар.
Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на працы з людзьмі. "У нас іншых людзей няма, не будзе, і грэх нам яшчэ крыўдзіцца на нашых людзей. Яны розныя. Але ў асноўным гэта нядрэнны народ. І скардзіцца нам на беларусаў няма чаго. Трэба глядзець на сябе. Яны могуць зрабіць усё, але іх трэба арганізаваць", — падсумаваў ён.
Кіраўнік дзяржавы пракаментаваў прызначэнне міністрам энергетыкі Віктара Каранкевіча, які да гэтага займаў пасаду першага намесніка міністра. "Што да міністра энергетыкі. Ты ведаеш, за што ён звольнены. Калі міністр недысцыплінаваны, калі ён, напіўшыся, не прыходзіць на працу, то які ён міністр?" — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка звярнуў увагу, што энергетычная галіна — "адмысловая і вельмі важная для краіны", а Каранкевіч "добра яе ведае і разбіраецца ў гэтых пытаннях". "Бяры ў рукі і дзейнічай. Ты міністр, табе могуць толькі рэкамендаваць, падказваць. Нават прэм`ер-міністр не можа міністрам кіраваць — гэта калегіяльны орган. Гэта прэзідэнт можа прыйсці і сказаць: зрабі так. Але я ні да аднаго міністра не прыходжу і не кажу так, пакуль сам не вывучу праблему, з ім не дамоўлюся, не ўзгадню ва ўрадзе са спецыялістамі", — адзначыў беларускі кіраўнік.
Ён падкрэсліў, што "заўсёды прытрымліваўся такіх падыходаў, у тым ліку па развіцці Аршанскага раёна, аднак даручэнні прэзідэнта так і не былі выкананыя". "Гэта апошняя кропля, якая перапоўніла чашу. Урад недапушчальна дрэнна працаваў. Мы маглі б абрынуцца ўжо блізу канца года", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Уладзімір Патупчык быў вызвалены ад пасады міністра энергетыкі ў маі за "спрыянне незаконнаму сямейнаму бізнесу".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 31 жніўня 2018
Мінск, 31 жніўня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/80/44774
Текущая дата: 27.12.2024