Белорусский портал в Казахстане

Буйная беларуская IT-кампанія Itransition прадала мінарытарны пакет акцый кампаніі інвестыцыйнаму фонду Baring Vostok



Як паведамілі ў арганізацыі, здзелка ўжо завершана, яе сума пакуль не называецца.

Здзелка дазволіць кампаніі Itransition значна ўзмацніць сэрвісную прапанову, пашырыць геаграфію прысутнасці і працягнуць актыўна развіваць галіну, прыцягваючы на працу новых спецыялістаў, адзначылі ў кампаніі.

Паводле слоў генеральнага дырэктара кампаніі Аляксея Дземічава, пачынаючы супрацоўніцтва з Baring Vostok, Itransition "спадзяецца на актыўны рост у бягучых і новых рэгіёнах". Асноўны ўпор у новым супрацоўніцтве будзе рабіцца на ўзмацненні пазіцый кампаніі на ключавых рынках збыту — ЗША і Еўрасаюза, падкрэсліў ён.

"Мы вельмі высока цэнім магчымасць стаць партнёрамі кампаніі і бачым вялікія перспектывы росту Itransition з улікам моцнай каманды менеджараў і заснавальнікаў, высокай кваліфікацыі інжынерных кадраў у Беларусі і хуткага росту рынку заказных распрацовак. Высокі ўзровень IT-адукацыі ў Беларусі і дзяржаўная падтрымка IT-галіны ствараюць добрыя перспектывы для пашырэння бізнесу", — пракаментавала пачатак супрацоўніцтва старшы партнёр Baring Vostok Алена Івашанцава.

Itransition з`яўляецца адным з вядучых распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння ў Беларусі. Цэнтры распрацоўкі кампаніі знаходзяцца ў Мінску, Гродне, Магілёве, Полацку і Брэсце. Офісы кампаніі адкрыты ў ЗША, Вялікабрытаніі і Расіі.

Baring Vostok спецыялізуецца на прамых інвестыцыях у Расіі і краінах СНД. Інвестарамі фонду з`яўляюцца кампаніі з ЗША, Заходняй Еўропы, Азіі і Блізкага Усходу. З 1994 года фонды кампаніі інвеставалі больш за 2,8 млрд долараў у 80 праектаў, сярод якіх шэраг паспяховых кампаній у сферы фінансавых паслуг і нафтагазавай галіне, тэлекамунікацыях і медыя, у спажывецкім сектары. Прыцягнуты капітал фондаў складае 3,7 млрд долараў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 16 ліпеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/81/44213
Текущая дата: 18.11.2024