Белорусский портал в Казахстане

ЗША працягнулі санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў



Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп працягнуў на год санкцыі супраць шэрагу грамадзян Беларусі і членаў урада, паведаміла прэс-служба Белага дома.

Санкцыі былі ўведзеныя пасля прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 года. Зазначаецца, што рашэнне было прынятае ў сувязі з тым, што дзеянні і палітыка некаторых членаў урада Беларусі і іншых асоб падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў краіне.

Таксама ўлады ЗША мяркуюць, што дзеянні названых у санкцыйным спісе асоб былі звязаныя з парушэннямі правоў чалавека, у тым ліку "палітычныя рэпрэсіі, затрыманні і знікненні людзей", і з карупцыяй.

Згодна з дзейным амерыканскім заканадаўствам, санкцыі працягваюцца пры захаванні "пагрозы нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы ЗША".

Рашэнне аб працягу ўказа прымаецца раз на год — у адваротным выпадку праз тры месяцы пасля чарговай даты дакумент страчвае сілу. Такім чынам, санкцыі ў дачыненні да Беларусі працягнутыя да 16 чэрвеня 2019 года.

Першапачаткова паведамлялася, што візавыя і фінансавыя абмежаванні ўводзіліся для дзесяці чалавек. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі і яго сына, памочніка па нацыянальнай бяспецы Віктара Лукашэнкі, у спіс былі ўключаныя сакратар Савета бяспекі, міністры юстыцыі і ўнутраных спраў, старшыня КДБ, кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі. Амерыканскім кампаніям забаронена заключаць здзелкі з гэтымі людзьмі. Пасля прадстаўнікі ЗША не называлі лік чыноўнікаў, якія падпадаюць пад санкцыі, і іх прозвішчы.

У той жа час ЗША змякчылі эканамічныя санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў. Гэтае рашэнне, прынятае ў кастрычніку 2015 года Міністэрствам фінансаў ЗША, працягваецца кожныя паўгода.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 9 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/83/43770
Текущая дата: 26.12.2024