Старшыня праўленьня Нацыянальнай акцыянэрнай кампаніі «Нафтагаз Украіны» Андрэй Кобалеў заявіў пра намер аднавіць сёлета пастаўкі прыроднага газу з Расеі ў аб’ёме 4–5 мільярдаў кубічных мэтраў.
«Мы як „Нафтагаз“ плянуем імпартаваць [газ] з двух кірункаў. Цана, якую цяпер абавязаны вызначыць Газпром, вельмі прывабная. Гэтым эканамічным бэнэфітам трэба карыстацца», — заявіў Андрэй Кобалеў 17-га студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.
У той жа час ён не ўдакладніў тэрмінаў, калі мае пачацца імпартаваньне газу з Расеі.
Да 2014 году Ўкраіна набывала ў расейскага «Газпрому» амаль 26 мільярдаў кубамэтраў прыроднага газу. У лістападзе 2015 году краіна адмовілася ад паставак наўпрост з Расеі, а набывала фактычна расейскі газ праз эўрапейскіх контрагентаў — Польшчу, Вугоршчыну і Славаччыну.
Пра гатоўнасьць аднавіць імпарт блакітнага паліва з Расеі у сьнежні заявіў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка: «Што здарылася на працягу апошніх двух гадоў? Мы энэргетычна незалежныя. Яны (Расея.) стукаюцца: можа возьмеце наш газ? Не, у нас усё добра. Калі ён будзе танны і сумленны, некарупцыйны, — калі ласка».
У тым самым месяцы Стакгольмскі арбітраж задаволіў патрабаваньні НАК «Нафтагаз Украіны» аб пераглядзе цаны на газ у кантракце з кампаніяй «Газпром». Згодна з гэтым рашэньнем Украіна таксама мусіць аднавіць імпарт мінімальных аб’ёмаў газу з Расеі ў адпаведнасьці з прынцыпам кантракту «бяры або плаці».
Алена Літвінава
Радыё Свабода, 17 студзеня 2018
Радыё Свабода, 17 студзеня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/88/42138
Текущая дата: 26.12.2024