Белорусский портал в Казахстане

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва растуць другі месяц пасля працяглага перапынку



Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад урада давесці сярэднюю зарплату да 1.000 рублёў да канца года.

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў студзені—кастрычніку 2017 года выраслі на 0,9% да ўзроўню дзесяці месяцаў 2016 года, сведчаць даныя Белстата.

Пад рэальнымі грашовымі даходамі разумеюцца даходы за вылікам падаткаў, збораў і ўзносаў, скарэктаваныя з улікам індэкса спажывецкіх цэн на тавары і паслугі.

У агульным аб`ёме грашовых даходаў аплата працы займае 62,6%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 8,2%, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя трансферты насельніцтву) — 23,8%, даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 5,4%.

Рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва намеціўся ўжо па выніках дзевяці месяцаў, склаўшы 0,4% у студзені—верасні. Такім чынам, па выніках дзесяці месяцаў тэндэнцыя працягнулася.

Да гэтага рэальныя грашовыя даходы насельніцтва працягвалі падаць больш за два гады. Пры гэтым з пачатку 2017 года тэмп іх падзення запаволіўся. Калі ў цэлым за 2016 год прыбыткі насельніцтва знізіліся на 7,3%, то ў студзені 2017-га да аналагічнага леташняга перыяду — на 4,5%, у студзені—лютым — на 3,2%, у студзені—сакавіку — на 2,2%, у студзені—красавіку — на 1,5%, студзені—маі — на 1,2%, студзені—чэрвені — на 0,8%, студзені—ліпені — на 0,5%, студзені—жніўні — на 0,1%.

Незалежныя эканамісты скептычна ацэньваюць рост рэальных даходаў, які намеціўся. "Органы ўлады імкнуцца адлюстраваць паляпшэнне сітуацыі для насельніцтва перад мясцовымі выбарамі і для Лукашэнкі. Перад выбарамі трэба перад народам у чымсьці даваць справаздачу — хаця б у тым, што нейкі рост адбыўся. Казаць пра тое, што гэта пералом ці ўстойлівая тэндэнцыя, пакуль не выпадае", — адзначаў выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра "Стратэгія", член Савета па развіцці прадпрымальніцтва Яраслаў Раманчук.

Паводле апошніх даных афіцыйнай статыстыкі, сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў кастрычніку ў параўнанні з вераснем 2017 года вырасла на 9,7 рубля (на 1,2%) і склала 841 рубель.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 19 снежня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/90/41687
Текущая дата: 26.12.2024