Такую заяву Міністр замежных спраў Беларусі зрабіў 31 жніўня ў Будапешце на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Усходняга партнёрства і Вышаградскай групы.
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прапануе актывізаваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі Усходняга партнёрства і Еўрасаюзам, а таксама выступае за спалучанасць еўрапейскага і еўразійскага інтэграцыйных працэсаў.
Як паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства, у сустрэчы ўзялі ўдзел міністр замежных спраў старшыні ЕС Эстоніі Свен Міксер і камісар па Еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕС Ёханэс Хан.
Падчас сустрэчы кіраўнікі дэлегацый абмеркавалі пытанні правядзення саміту УП у лістападзе ў Бруселі, у тым ліку падрыхтоўкі яго дэкларацыі, а таксама тэматыку ўзаемадзеяння ў галіне энергетычнай інфраструктуры і пашырэння фінансавага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства з Еўрасаюзам.
У сваім выступе на пленарным пасяджэнні Макей падкрэсліў важнасць наяўнасці канкрэтных вынікаў УП, уключаючы распрацоўку і рэалізацыю канкрэтных праектаў у межах ініцыятывы. Ён адзначыў неабходнасць захавання неканфрантацыйнага і канструктыўнага характару Усходняга партнёрства.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі правёў сустрэчу з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіяртам. Бакі абмяняліся думкамі пра перспектывы пашырэння ўзаемадзеяння ў межах рэгіянальных ініцыятыў і міжнародных арганізацый, а таксама нарошчвання двухбаковага беларуска-венгерскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Адбыліся сустрэчы Макея з калегамі з Грузіі, Польшчы і Украіны, падчас якіх абмеркаваныя шэраг пытанняў двухбаковага і шматбаковага парадку дня.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 31 жніўня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/92/40561
Текущая дата: 06.11.2024