Белорусский портал в Казахстане

Дзяржпраграма інавацыйнага развіцця на 2016—2020 гады дапоўненая 12 праектамі



Пра гэта паведаміла прэс-служба ўрада.

Пастановай Савета міністраў ад 14 верасня № 693 вызначаны дадатковыя праекты па стварэнні новых вытворчасцяў, якія маюць вызначальнае значэнне для інавацыйнага развіцця Беларусі. Такім чынам, дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця на 2016—2020 гады дапоўненая 12 праектамі.

На базе ААТ "Ратон" будзе арганізаваная сучасная вытворчасць па выпуску новых відаў электратэхнічнай прадукцыі: КРП (камплектная размеркавальная прылада) 20 кВ, КРПЭ (камплектная размеркавальная прылада з элегазавай ізаляцыяй).

На базе ТАА "ВА "Энергакамплект" арганізуецца вытворчасць кабеляў з ізаляцыяй з этыленпрапіленавай гумы і кабеляў з ізаляцыяй з пашытага поліэтылену з лёгка адлучаным паўправадным слоем напружаннем ад 10 да 35 кв.

Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат пабудуе і мадэрнізуе цэх па вытворчасці сухой сыроваткі і сухіх малочных прадуктаў.

Інавацыйная вытворчасць па ўпакоўцы астуджанай рыбы ў тэрмаўсадачную плёнку ў мадыфікаваным газавым асяроддзі будзе арганізаванае ў фарэлевай гаспадарцы "Лохва".

ААТ "Оптаэлектронныя сістэмы" арганізуе вытворчасць высокатэхналагічных, інавацыйных аналітычных і інспекцыйных комплексаў, оптыка-механічных вырабаў двайнога і спецыяльнага прызначэння.

ААТ "Палессе" зоймецца развіццём вытворчасці фантазійнай пражы.

ААТ "Пінскі доследна-механічны завод" асвоіць вытворчасць вертыкальных шматступеньчатых помпаў.

На базе навукова-тэхналагічнага парку БНТУ "Політэхнік" будзе распрацаваная і створаная высокатэхналагічная вытворчасць медыцынскіх вырабаў і абсталявання для правядзення сардэчна-сасудзiстых аперацый, аперацый па остэасінтэзу і на каленным суставе, для лячэння скурных анкалагічных захворванняў і выканання высокатрывалых пламбавальных злучэнняў у стаматалогіі.

Дзяржкамітэту па навуцы і тэхналогіях сумесна з замоўцамі дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на 2016—2020 гады даручана забяспечыць фінансаванне праектаў у межах вызначанага заканадаўчымі актамі бюджэтнага фінансавання, а таксама да 1 снежня 2017 года ўнесці ва ўстаноўленым парадку ў Саўмін прапановы аб карэктаванні дзяржпраграмы.

Пастановай таксама ўнесеныя змены ў план-графік рэалізацыі праектаў па стварэнні новых вытворчасцяў, якія маюць вызначальнае значэнне для інавацыйнага развіцця Беларусі, і аб`ёмы фінансавання праектаў і мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на 2016—2020 гады.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 18 верасня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/92/40795
Текущая дата: 26.12.2024