Белорусский портал в Казахстане

ЕС і ЕБРР выдзяляюць 6 млн еўра на падтрымку малога бізнесу ў Беларусі



Адпаведнае пагадненне паміж ЕС і ЕБРР падпісанае 13 верасня ў Міністэрстве эканомікі ў Мінску.

Еўрапейскі саюз выдзеліць Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця 6 млн еўра на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі. 

У прадстаўніцтве ЕБРР, выдзяленне гэтых сродкаў надасць новы імпульс праграме "Кансультацыі для малога бізнесу" ЕБРР (ASB) у Беларусі. Больш за 200 мясцовых малых і сярэдніх прадпрыемстваў змогуць скарыстацца экспертнымі кансультацыямі і ноу-хау, прапанаванымі праграмай. Асаблівая ўвага будзе нададзеная кампаніям за межамі сталіцы і абласных цэнтраў. Чакаецца таксама, што новыя сродкі дазволяць ЕБРР працаваць з асобнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі для садзейнічання іх рэструктурызацыі і магчымай прыватызацыі.

Адзначаецца, што падтрымка ЕС, якая ажыццяўляецца ў межах ініцыятывы EU4Business, атрымала поўную ўхвалу кіраўніцтва Беларусі. "Еўрасаюз з`яўляецца найбуйнейшым акцыянерам ЕБРР, і мы цалкам давяраем нашым партнёрам з банка ў рэалізацыі новай праграмы", — адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын, каментуючы выдзяленне 6 млн еўра на падтрымку малога бізнесу.

У сваю чаргу прэзідэнт ЕБРР Сума Чакрабарці, які знаходзіцца з візітам у Мінску, заявіў: "Мы хацелі б падзякаваць ЕС за даванне гэтых рэсурсаў. Дзякуючы гэтаму будзе аказаная падтрымка многім беларускім прыватным прадпрыемствам, якія адыгрываюць ўсё больш важную ролю ў мясцовай эканоміцы".

Новая праграма "Кансультацыі для малога бізнесу" будзе абапірацца на шырокі вопыт ЕБРР у пытаннях аказання кансультацыйных паслуг пры ўдзеле мясцовых кансультантаў або міжнародных галіновых экспертаў і фінансавання ў Беларусі з моманту пачатку яе працы ў 2012 годзе. За перыяд з 2012 па 2016 гады ў межах праграмы падтрыманыя больш як 250 суб`ектаў МСП, што дапамагло гэтым прадпрыемствам стварыць звыш 1.500 новых працоўных месцаў і павялічыць выручку ў сярэднім на 63%.

З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвеставаў амаль 1,9 млрд еўра ў 90 праектаў у розных сектарах эканомікі краіны.

У межах ініцыятывы EU4Business малыя і сярэднія прадпрыемствы ў Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і ва Украіне атрымаюць падтрымку шляхам развіцця новых навыкаў, павышэння канкурэнтаздольнасці, забеспячэння доступу да фінансавання, а таксама садзейнічання іх планам па экспарце на новыя рынкі, уключаючы ЕС. Ініцыятыва таксама падтрымлівае нацыянальныя ўрады ў пытаннях ўкаранення рэформаў, скіраваных на паляпшэнне інвестклімату.

Акрамя названага пагаднення падчас візіту ў Мінск кіраўніка ЕБРР Сумы Чакрабарці, які доўжыцца па 14 верасня, чакаецца падпісанне шэрагу іншых дакументаў. У прыватнасці гэта пагадненне аб даванні субардынаванага крэдыту з "Белінвестбанкам", мемарандумы аб узаемаразуменні па развіцці мясцовых рынкаў капіталу, камерцыялізацыі і карпаратыўным кіраванні дзяржпрадпрыемствамі.

Запланаваныя перамовы прэзідэнта ЕБРР з Аляксандрам Лукашэнкам і прэм`ер-міністрам Андрэем Кабяковым. Сума Чакрабарці таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі бізнесу, арганізацый грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.

БелаПАН
Мінск, 13 верасня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/93/40749
Текущая дата: 25.12.2024