Белорусский портал в Казахстане

Беларусь перайшла на разлік ЗВР толькі згодна з міжнароднай методыкай



Такое рашэнне прыняло праўленне Нацыянальнага банка.

Стан золатавалютных рэзерваў Рэспублікі Беларусь з 1 ліпеня 2017 года будзе характарызавацца адзіным паказчыкам — велічынёй міжнародных рэзервовых актываў, разлічанай у адпаведнасці са спецыяльным стандартам распаўсюджвання звестак МВФ. 

Галоўны банк Беларусі адмовіўся ад выкарыстання нацыянальнай методыкі разліку памеру сваіх міжнародных рэзерваў, у межах якой у склад рэзервовых актываў у замежнай валюце ўключаліся і актывы ў расійскіх рублях. З гэтага моманту Нацбанк будзе выкарыстоўваць толькі стандарт Міжнароднага валютнага фонду, які не разглядае расійскі рубель у якасці рэзервовай валюты.

У Беларусі разлік велічыні ЗВР з выкарыстаннем дзвюх метадалогій (МВФ і нацыянальнай) вёўся з 2004 года. Асноўным адрозненнем паміж імі з`яўляецца ўключэнне ў склад разліку ЗВР у нацыянальным вызначэнні шэрагу актываў, якія не прадугледжаныя стандартам МВФ. Гэта актывы ў каштоўных металах, адрозных ад манетарнага золата, каштоўныя камяні, а таксама актывы ў валютах, якія не разглядаюцца МВФ як рэзервовыя.

Як адзначаюць у Нацбанку, на яго балансе застаюцца актывы, што не ўлічваюцца пры разліку ЗВР у вызначэнні стандарту МВФ (сродкі ў іншых валютах, у тым ліку актывы, намінаваныя ў расійскіх рублях, каштоўныя камяні і каштоўныя металы, адрозныя ад манетарнага золата). Гэтыя актывы працягваюць выкарыстоўвацца для выканання адпаведных абавязацельстваў Нацыянальнага банка і ўрада і могуць выступаць у якасці дадатковай крыніцы папаўнення золатавалютных рэзерваў.

На думку экспертаў, у публікацыі звестак па ЗВР у нацыянальным вызначэнні няма вялікага сэнсу — замежныя партнёры, ды і самі беларусы звычайна бяруць пад увагу менавіта міжнародны паказчык. Згодна з апошнімі звесткамі, розніца паміж ЗВР згодна з нацыянальным і міжнародным стандартамі склала 365 млн долараў. У гэтую суму ўваходзяць расійскія рублі і некаторыя іншыя актывы, якія нельга ўлічыць ў складзе ЗВР паводле метадалогіі МВФ.

На 1 чэрвеня золатавалютныя рэзервы Беларусі ў вызначэнні стандарту МВФ склалі 5 млрд 238,9 млн долараў ЗША (у эквіваленце), павялічыўшыся з пачатку гэтага года на 311,7 млн долараў, або на 6,3%.

У нацыянальным вызначэнні аб`ём золатавалютных рэзерваў на 1 чэрвеня склаў 5 млрд 604,1 млн долараў ЗША. За студзень—май рэзервы ў нацыянальным вызначэнні выраслі на 419,1 млн долараў (на 8,1%).

Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год прадугледжаны рост золатавалютных рэзерваў у вызначэнні стандарту МВФ не менш як на 500 млн долараў ЗША.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 1 ліпеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/94/39851
Текущая дата: 01.10.2024