Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка патрабуе не збаўляць тэмпаў уборачнай кампаніі



Кіраўнік дзяржавы 18 жніўня ў час наведвання гаспадарак у Шклоўскім і Аршанскім раёнах запатрабаваў не збаўляць тэмпаў уборачнай кампаніі.

"Сёння 18-е чысло. Да 20-га я сказаў, што ў асноўным мы павінны ў краіне ўбраць збожжа. Гэта з маёй практыкі - 85-87 працэнтаў. Але спыняцца ні ў якім разе нельга. Таму штурмам прайсціся да 100 працэнтаў, пакуль не ўбяром усё збожжа", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на сітуацыі ў паўночных раёнах Беларусі - у Віцебскай вобласці, а таксама часткова Магілёўскай і Мінскай абласцях. Там месцамі пакуль убрана толькі палавіна ўраджаю збожжавых.

"Мне патрэбны цяпер тэмпы, тэмпы і тэмпы. Ніякіх апраўданняў быць не можа. Увесь час не можа быць такое надвор`е (спрыяльнае для ўборкі.), - сказаў беларускі лідар. - Таму нам трэба 90-92 працэнты на панядзелак убраць. Вызначыцеся, як будзем убіраць у паўночных раёнах".

Яшчэ адной асаблівасцю гэтага перыяду кіраўнік дзяржавы назваў неабходнасць хуткага пераходу да пасяўных работ, каб закласці аснову добрага ўраджаю на будучы год. І чацвёртая асаблівасць - трэці ўкос траў.

"У нас добрыя травы, і іх трэба ўбраць. Цяпер трэба акцэнт зрабіць на пасяўной кампаніі і ўборцы траў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Віцэ-прэм`ер Міхаіл Русы далажыў Прэзідэнту аб сітуацыі на палях па ўборцы розных культур. Збожжавыя і зернебабовыя ўбраны на 80,2 працэнта плошчаў па краіне пры сярэдняй ураджайнасці 36 ц/га. Намалочана каля 6,3 млн т.

"Сёння да вечара ўжо набяром валавы збор мінулага года", - сказаў віцэ-прэм`ер. Паводле яго слоў, у бягучым годзе беларускія аграрыі атрымалі добры ўраджай і па іншых культурах. У многіх выпадках паказчыкі перасягаюць мінулагоднія.

18 жніўня 2017, Шклоўскі раён
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/94/40429
Текущая дата: 25.12.2024