Белорусский портал в Казахстане

Беларусь выйшла з ідэальнай макраэканомікай са "шторму" негатыўных фактараў



Аб гэтым заявіў 2 чэрвеня галоўны саветнік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Забароўскі на міжнароднай канферэнцыі "Эканамічная бяспека ў глабалізаваным свеце" ў рамках экспертнай ініцыятывы "Мінскі дыялог".

Эксперт звярнуў увагу, што ў папярэднія гады на развіццё Беларусі фактычна адначасова паўплывалі многія сур`ёзныя знешнія і ўнутраныя фактары. Сярод іх завяршэнне суперцыкла на энергетычным рынку, канфлікт паміж асноўнымі партнёрамі, санкцыі і контрсанкцыі ў адносінах Еўрапейскага саюза і Расіі, цяжкасці еўразійскай інтэграцыі і іншыя.

"Але з гэтага "шторму", на мой погляд, мы выйшлі з ідэальнай макраэканомікай. Не хутка, але выйшлі. Калі паглядзець па ўсіх макрапараметрах, мы бачым устойлівае зніжэнне інфляцыі, прыкметнае скарачэнне дэфіцыту плацежнага балансу, рост золатавалютных рэзерваў, спынілася падзенне валавога ўнутранага прадукту", - адзначыў Аляксандр Забароўскі.

З усяго гэтага, паводле яго слоў, можна зрабіць некалькі высноў. Так, краіне не трэба спадзявацца на спрыяльную знешнюю кан`юнктуру, асцярожнымі трэба быць адносна спрыяльнага змянення ўмоў гандлю, чыстага прытоку капіталу.

"Глабальная нявызначанасць высокая, глабальны рост няўстойлівы. Таму палітыка бягучага года, калі мы пры праектаванні бюджэту зыходзілі з вельмі кансерватыўных ацэнак, на мой погляд, сябе апраўдала. Яна дала магчымасць унесці сур`ёзны ўклад у падтрымку макраэканамічнай стабільнасці, аднавіць пэўныя буферы ў бюджэты і грашова-крэдытнай сістэме, - растлумачыў Аляксандр Забароўскі. - Гэта ўзмацніла нашу супраціўляльнасць шокам, дало магчымасць адысці ад працыклічнасці ў палітыцы".

2 чэрвеня 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/95/39573
Текущая дата: 01.10.2024