Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "ЭКСПА-2017" у Астане



Да пачатку цырымоніі Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў правёў экскурсію па нацыянальным павільёне Казахстана.

Былі прадэманстраваны прэзентацыі комплексу "ЭКСПА-2017" і Астаны з акцэнтам на яе архітэктурныя асаблівасці. Кіраўнікі дэлегацый таксама агледзелі тэматычную экспазіцыю, прысвечаную галоўнай тэме выстаўкі - энергіі будучага.

Усяго на адкрыццё "ЭКСПА-2017" прыбылі 60 дэлегацый, прадстаўленыя на вышэйшым і высокім узроўнях. Сярод іх - кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў з розных краін свету, іншыя афіцыйныя асобы, якія прымалі ўдзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў сталіцы Казахстана.

Да цырымоніі адкрыцця Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтамі Туркменістана, Сербіі і Арменіі.

Выстаўка "ЭКСПА-2017" праводзіцца пад лозунгам "Энергія будучага" і асвятляе адну з самых актуальных тэм, якія хвалююць сусветную супольнасць, - альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Яна прадоўжыцца тры месяцы і завершыць сваю работу 10 верасня.

Удзел у выстаўцы пацвердзілі 115 краін і 22 міжнародныя арганізацыі. Беларусь на міжнароднай выстаўцы прадстаўлена нацыянальным павільёнам, наведвальнікі якога змогуць у інтэрактыўнай форме даведацца пра найноўшыя беларускія навукова-тэхнічныя распрацоўкі, перспектыўныя інвестыцыйныя праекты.

Складанай часткай нацыянальнай экспазіцыі стане выстаўка сучаснага жывапісу "Ад Лісабона праз Мінск, Маскву, Астану да Уладзівастока", дзе будуць прадстаўлены работы мастакоў з 25 краін свету. Гэта сведчыць аб той увазе, якую беларускі бок удзяляе інтэграцыйным працэсам на ўсёй еўразійскай прасторы.

 9 чэрвеня 2017, Астана
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/95/39634
Текущая дата: 01.10.2024