Белорусский портал в Казахстане

Кары Тапіёла: У Беларусі, здаецца, ёсць кансенсус адносна сацыяльнай справядлівасці



Місія Міжнароднага бюро працы наведала Беларусь 20—23 чэрвеня.

Падчас візіту ў Мінск місія Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) дамовілася з прадстаўнікамі ўрада і прафсаюзаў Беларусі прадоўжыць сумесную працу па шэрагу важных пытанняў, у тым ліку якія датычацца прымянення канвенцый МАП. Пра гэта паведаміў спецыяльны саветнік генеральнага дырэктара Міжнароднага бюро працы Кары Тапіёла.

Місія МАП наведала Беларусь 20—23 чэрвеня. Па словах Тапіёла, эксперты правялі трохдзённы трэнінг для беларускіх суддзяў па міжнародных прававых нормах, а таксама сустрэліся з прадстаўнікамі міністэрстваў працы і сацыяльнай абаронай, юстыцыі, замежных спраў, унутраных спраў, Міністэрства па падатках і зборах. Акрамя гэтага, місія правяла перамовы з прадстаўнікамі ўсіх прафцэнтраў і арганізацыямі наймальнікаў, а таксама прыняла ўдзел у пасяджэнні трохбаковага Нацыянальнага савета па сацыяльных і працоўных пытаннях.

У ходзе сустрэч абмяркоўваліся пытанні, якія тычацца канвенцыі МАП аб прымусовай працы і нашумелага дэкрэта № 3 прэзідэнта Беларусі "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". "Дэкрэт № 3 зараз прыпынены. Нам паведамілі, што распрацоўваецца новая канцэпцыя. Акрамя таго, у місіі ўзніклі пытанні пра ўплыў некаторых іншых дэкрэтаў. Урад накіруе па іх дадатковую інфармацыю ў Камітэт экспертаў МАП", — падкрэсліў Тапіёла. На аснове інфармацыі, прадстаўленай місіяй МАП, урадам і прафсаюзамі Беларусі, камітэт экспертаў падрыхтуе сваё заключэнне, дадаў ён.

"Неабходна ўзмацніць абарону работнікаў у той час, калі тэхналогіі, працоўныя месцы і структура прыняцця рашэнняў змяняюцца ва ўсім свеце. У Беларусі, здаецца, ёсць кансенсус адносна мэтаў сацыяльнай справядлівасці, што з`яўляецца асноватворнай адпраўной кропкай", — сказаў Тапіёла.

У сваю чаргу сайт Беларускага незалежнага прафсаюза паведамляе, што на сустрэчы з місіяй МАП 20 чэрвеня абмяркоўвалася магчымасць неўключэння пытання аб сітуацыі ў Беларусі (упершыню за шмат гадоў) у парадак дня 106-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы, якая праходзіла ў Жэневе 5—16 чэрвеня. Як растлумачылі прадстаўнікі МАП, прычынай стала тое, што беларускі ўрад занадта позна даслаў свой даклад, у сувязі з чым ён быў позна пераведзены і ў выніку не ўключаны ў парадак дня сесіі.

На сустрэчы члены місіі МАП выказалі ўпэўненасць у хуткай адмене дэкрэта № 3.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 25 чэрвеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/95/39746
Текущая дата: 06.11.2024