З 27 ліпеня па 10 верасня Міністэрства ўнутраных спраў рэалізуе комплекс мерапрыемстваў, скіраваных на забеспячэнне якаснага правядзення ўборачнай кампаніі, прадухіленне злачынных замахаў на таварна-матэрыяльныя каштоўнасці сельгасарганізацый, крадзяжоў збожжа новага ўраджаю.
Як паведамляе МУС, першыя рэйдавыя групы, у якія ўвайшлі прадстаўнікі падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, Дзяржаўтаінспекцыі, міліцыі грамадскай бяспекі і іншых службаў, ужо выехалі на месцы.
Праваахоўнікі вывучаюць не толькі ход уборачнай, але і ацэньваюць стан сельгастэхнікі, у асаблівасці збожжаўборачных камбайнаў. Асаблівую ўвагу надаюць выяўленню фактаў безгаспадарчасці з боку кіраўнікоў і матэрыяльна адказных асоб арганізацый, абгрунтаванасці расходавання гаруча-змазачных матэрыялаў.
Прадугледжанае таксама правядзенне рабочых сустрэч з кіраўнікамі прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, прафілактычных гутарак з тымі, хто нясе адказнасць за захоўванне таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, сабранага ўраджаю.
"Дарэчы, кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў не варта спрабаваць вылічыць нейкую перыядычнасць і геаграфію такіх праверак. Праводзіцца яны будуць абсалютна ў любы час сутак, у тым ліку ў выхадныя дні", — падкрэсліваецца ў паведамленні МУС.
Парушэнні рэйдавыя групы зафіксуюць з дапамогай фота- і відэатэхнікі, дзеянням вінаватых будзе дадзеная прававая ацэнка аж да крымінальнай адказнасці.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 28 ліпеня 2017
Мінск, 28 ліпеня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/95/40217
Текущая дата: 25.12.2024