Белорусский портал в Казахстане

"Белнафтахім" прапануе кітайскаму бізнесу ўзяць удзел у асваенні вытворчай пляцоўкі ў Магілёве



Старшыня канцэрна "Белнафтахім" Ігар Ляшэнка прапанаваў бізнесу Кітая ўзяць удзел у асваенні вытворчай пляцоўкі на тэрыторыі былога завода штучнага валакна ў Магілёве.

Ініцыятыва была вылучаная на сустрэчы 7 лютага з дэлегацыяй кітайскай кампаніі СITIC Construction Co., Ltd, якую прадстаўлялі віцэ-прэзідэнт кампаніі, кіраўнік дывізіёна Еўразіі Ян Цзяньцян, кіраўнік прадстаўніцтва кампаніі ў Беларусі Лі Цзіньтун, а таксама яго намеснік Ігар Прахоцкі.

Як паведаміла прэс-служба канцэрна, сустрэча адбылася з ініцыятывы кітайскага боку ў мэтах выканання мемарандума аб супрацоўніцтве, падпісанага кампаніямі падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў КНР у верасні 2016 года. Адна з мэтаў мемарандума — выкарыстанне кітайскага фінансавання і сучасных тэхналогій для мадэрнізацыі беларускага нафтахімічнага комплексу.

Было адзначана, што бакі супрацоўнічаюць пры рэалізацыі такіх інвестыцыйных праектаў у арганізацыях "Белнафтахіма", як будаўніцтва новай этылен-прапіленавай ўстаноўкі на заводзе "Палімір" ААТ "Нафтан" (сумесна з кампаніяй Sinopec), азотнага комплексу ў ААТ "Гродна Азот" і другой чаргі комплексу па вытворчасці поліэфірнай прадукцыі ў ААТ "Магілёўхімвалакно". Абмеркаваныя стадыі рэалізацыі названых праектаў і магчымасці ўдзелу ў іх кітайскай кампаніі.

Ян Цзяньцян таксама выказаў зацікаўленасць CITIC Construction у набыцці пакета акцый ААТ "ГДАП" (Гродзенскі навукова-даследчы і праектны інстытут азотнай прамысловасці і прадуктаў арганічнага сінтэзу), "улічваючы яго высокую рэпутацыю як вядучага праектнага інстытута ў сферы нафтахімічных вытворчасцяў у Беларусі".

Старшыня "Белнафтахіма" падзякаваў кіраўніцтву CITIC Construction за арганізацыю стажыровак спецыялістаў канцэрна на аналагічных прадпрыемствах у КНР. У лютым на стажыроўку накіроўваецца другая група прадстаўнікоў беларускага нафтахімічнага комплексу.

Кіраўнік кітайскай дэлегацыі Ян Цзяньцян праінфармаваў, што CITIC Construction, адна з 50 самых вядомых у свеце будаўнічых кампаній, у 2016 годзе падпісала новых кантрактаў прыкладна на 5,6 млрд долараў ЗША. Кампанія рэалізуе на тэрыторыі Беларусі шэраг іншых буйных праектаў, аднак канцэрн "Белнафтахім" — асноўны партнёр CITIC Construction, і кампанія спадзяецца зрабіць свой істотны ўнёсак у мадэрнізацыю нафтахімічнай галіны краіны.

"Бакі абмеркавалі шэраг канкрэтных новых напрамкаў супрацоўніцтва, і Ян Цзяньцян выказаў упэўненасць, што пры працягу актыўнага садзейнічання канцэрна ўсе дамоўленасці змогуць хутка перайсці ў практычную плоскасць", — адзначае прэс-служба.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 8 лютага 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/97/38616
Текущая дата: 01.10.2024